Старшыня Дзяржпагранкамітэта хлусіў бацькам салдат пра абстаноўку на ўкраінскай мяжы

Старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо сустрэўся з вайскоўцамі тэрміновай службы і іх бацькамі. Аб гэтым БелТА паведамілі ў Дзяржпамежкамітэце. Мяркуючы па паведамленні агенцтва, на сустрэчы Лапо распаўсюджваў заведама хлуслівую інфармацыю.

14.10.2022 / 19:23

Фота: БелТА

Кіраўнік памежнага ведамства запэўніў бацькоў вайскоўцаў, што памежнікі выконваюць і будуць выконваць задачы па прызначэнні толькі на тэрыторыі Беларусі, паведамляе БелТА. У той жа час ён расказваў заведамыя фэйкі пра сітуацыю на мяжы і дзеянні ўкраінскага боку. 

Лапо казаў бацькам салдат, што ўкраінскі бок працягвае засяроджваць свае сілы паблізу дзяржаўнай мяжы, ставіць загароды і інжынерныя збудаванні, а таксама ажыццяўляе мініраванне дарог.

«Мы сабралі бацькоў салдат, каб данесці ім абстаноўку, якая складваецца на мяжы. Вядома, ёсць напружанне і з польскага боку, і з боку балтыйскіх краін, але асаблівай увагі заслугоўвае ўкраінскі кірунак. Там памежнікі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме, таму з іх боку на мяжу часта выходзяць людзі без апазнавальных знакаў. Акрамя гэтага, былі сітуацыі правакацый і абразы нашых дзяржаўных сімвалаў. Аднак, мы ў любым выпадку будзем несці службу. Сіл і сродкаў абараніць нашу дзяржаўную мяжу ў нас дастаткова», — падкрэсліў старшыня Дзяржпагранкамітэта.

Ён адзначыў, што ў ахове мяжы з украінскага боку ў асноўным задзейнічаны не памежнікі, а сілы тэрытарыяльнай абароны і маса іншых фарміраванняў сілавога блока, з якімі праводзяцца розныя вучэнні. Да беларускай мяжы падыходзяць узброеныя групы людзей, якія не маюць ні знакаў адрознення, ні форменнага абмундзіравання. Неаднаразова фіксаваліся правакацыйныя дзеянні, калі ўкраінскія вайскоўцы цэляцца ў беларускіх памежнікаў, страляюць у паветра, часцяком знаходзячыся ў нецвярозым стане. Акрамя таго, актыўна выкарыстоўваюцца плаўсродкі і іншая тэхніка таксама без апазнавальных знакаў. Фіксуецца вядзенне аптычнай, радыёэлектроннай і радыётэхнічнай разведкі беларускай тэрыторыі.

Дадатковую напружанасць, сцвярджае Лапо, ствараюць і ініцыятывы Украіны з мэтай дасягнення стабільнасці на ўкраінска-беларускай мяжы размясціць маніторынгавыя місіі з краін НАТА. Знаходжанне на ўкраінска-беларускай мяжы ўзброеных прадстаўнікоў заходніх краін можа быць выкарыстана для ажыццяўлення рознага роду правакацый і нават развязвання канфлікту, мяркуе ён.

Па словах кіраўніка ведамства, беларускія памежнікі аператыўна адсочваюць змены становішча і гатовыя прымаць усе неабходныя меры ў адказ. 

Лапо распаўсюджваў заведама лжывую інфармацыю пра тое, што правакацыі на мяжы ладзіць украінскі бок. Насамрэч, няглядзячы на тое, што Расія ўварвалася ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, за восем месяцаў вайны на беларускую тэрыторыю не прыляцеў ніводзін украінскі снарад, тады як з беларускай тэрыторыі ажыццяўлялася спроба захопу Кіева, расійскія войскі атакавалі таксама ў кірунку Жытоміра і Чарнігава, наносіліся ракетныя ўдары, а беларускія войскі ажыццяўлялі пры гэтым тылавое забеспячэнне. Менавіта гэта стварыла пагрозу ўцягвання Беларусі ў вайну.

Nashaniva.com