Ціханоўская ў Еўрапарламенце: Свабодная Беларусь будзе самай моцнай санкцыяй супраць пуцінскага тэрору

13 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла на пасяджэнні Камітэта Еўрапейскага парламента па замежных справах. У сваім выступе яна назвала рэжым Лукашэнкі ашуканскім і смяротным і прапанавала адкінуць яго, каб «дапамагчы будаваць дэмакратычную і свабодную Беларусь».

13.10.2022 / 16:45

Фота Офіса Святланы Ціханоўскай

Сапраўдным прадстаўніком Беларусі яна заклікала прызнаць Аб'яднаны пераходны кабінет. Па яе словах, Беларусь — не Расія, і трэба прымусіць Крэмль вывесці ўсе расійскія войскі з Беларусі і з Украіны.

Ціханоўская заявіла, што дэмакратычныя сілы нашай краіны гатовыя супрацоўнічаць і рабіць сумесныя праекты ў рамках «Усходняга партнёрства» ды іншых сумесных праграм.

«Свабодная Беларусь будзе самай моцнай санкцыяй супраць пуцінскага тэрору. А найлепшай апорай для свабоднай Украіны будзе мяжа ў тысячу кіламетраў са свабоднай Беларуссю, якая не з'яўляецца расійскай калоніяй. Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз свабоду ў Беларусі. Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз перамогу ва Украіне», — заявіла палітык.

Яна назвала Лукашэнку ваенным злачынцам, які мае «вялікі паслужны спіс жудасных парушэнняў правоў чалавека». Таму, прымаючы санкцыі, звязаныя з расійскай агрэсіяй супраць Украіны, ЕС не павінен забывацца пра кіраўніка Беларусі, адзначыла Ціханоўская.

Nashaniva.com