Неўролагі патлумачылі, чаму чалавек не здольны сам сябе казытаць

Гуллівасць і казытанне не самыя сур'ёзныя паводзіны, але яны дапамаглі навукоўцам лепш зразумець, як працуе мозг.

10.10.2022 / 21:38

Фота: Pixabay

Пра дзіўны эксперымент у неўралагічнай лабараторыі Берлінскага ўніверсітэта Гумбальта распавядае Wired. Даследаванне, у якім узялі ўдзел 12 чалавек, было распрацавана для назірання за працэсам казытання. Вынікі павінны былі дапамагчы зразумець, што адбываецца, калі людзей казычуць, і што змяняецца, калі чалавек казыча сябе сам.

Смех адносіцца да сацыяльных паводзін некаторых млекакормячых. Гэта спосаб аслабіць сацыяльную напружанасць і аб'яднаць, нават апанентаў. Шымпанзэ робяць гэта. Сабакі, дэльфіны і пацукі таксама.

Але ёсць шмат таямніц пра казытанне. Самы вялікі з усіх: чаму мы не можам казытаць сябе. Мы не ведаем, чаму дотык можа быць казытлівым, і што адбываецца пры гэтым ў мозгу. Мы не ведаем, чаму некаторыя людзі — ці некаторыя часткі цела — больш казытлівыя, чым іншыя. На гэтыя пытанні і спрабавалі адказаць даследчыкі.

Сутнасць эксперыменту вельмі простая. У першай фазе ўдзельнікі павінны былі па чарзе казытаць адзін аднаго. А ў другой фазе ўдзельнікі павінны былі казытаць сябе пры адначасовым казытанні з боку партнёраў.

Папярэднія даследаванні паказалі, што казытанне залежыць ад настрою: трывога і нявызначанасць заглушаюць успрыманне. Таму кожная пара ведала адзін аднаго загадзя і адчувала сябе камфортна. І ўсё ж выявілася, што кожны чалавек усё роўна быў здзіўлены фактам казытання.

Рэакцыі падыспытных фіксавалі з дапамогай відэа, а таксама самі падыспытныя ацэньвалі, наколькі казытлівым быў кожны дотык. У першай фазе добраахвотнікі гучна смяяліся пасля прыкладна 70 адсоткаў дакрананняў, і чым мацней яны адчувалі казытанне, тым гучней і вышэй яны смяяліся. Фактычна, гук іх смеху быў паказчыкам, які лепш за ўсё карэляваў з іх суб'ектыўнымі ацэнкамі таго, наколькі інтэнсіўным адчуваўся кожны дотык.

Другая фаза выявіла нешта дзіўнае: самаказытанне зрабіла казытанне іншага чалавека менш інтэнсіўным.

Чаму гэта можа быць? Тут можа хавацца адказ на пытанне, чаму мы не можам казытаць сябе. Адна з галоўных тэорый сцвярджае, што казытанне выклікае смех дзякуючы памылцы прадказання ў мозгу. Непрадказальны дотык збівае мозг з панталыку. Дакрананне да сябе ж заўсёды прадказальна.

Але ж даследчыкі лічаць, што рэч не толькі ў прадказальнасці. Магчыма, мозг вучыцца адхіляць сэнсарнае ўспрыманне, калі яго прычынай з’яўляюцца нашы ўласныя дзеянні. Калі б гэтага не было, мы б казыталі сябе і смяяліся кожны раз, калі чухалі падпаху ці дакраналіся да ступняў.

Фактычна такі ж эфект зацямнення адбываецца са слыхам. Калі вы гаворыце, часткі вашага мозгу, якія слухаюць размову іншых людзей, падаўляюцца. Вось чаму людзі вельмі дрэнна ацэньваюць, наколькі гучна яны гавораць. Такім чынам, калі мозг тармозіць рэакцыю на дотык падчас самаказытання, ён таксама тармозіць рэакцыю на казытанне з боку кагосьці іншага.

Даследчыкі адзначаюць, што да гэтага часу незразумела, што менавіта адбываецца ў нервовай сістэме, калі чалавека казычуць. І пра гэта будзе цяжка даведацца без запісу цягліцавых скарачэнняў і пашырэння даследавання больш за 12 чалавек. Але ж даследчыкі задаволеныя данымі, якія ўдалося сабраць.

Nashaniva.com