Ціханоўская звярнулася да Зяленскага
У звароце, запісаным пасля чарговай варварскай атакі расійскіх войскаў на аб'екты ўкраінскай грамадзянскай інфраструктуры, Ціханоўская гаворыць пра тое, што Аб'яднаны пераходны кабінет гатовы да супрацы з Украінай і ўстанаўлення дыпламатычных і палітычных адносінаў.
10.10.2022 / 19:18
«Я веру, што Расія атрымае паразу, а Украіна адновіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і абароніць незалежнасць. Беларусы ўвесь гэты час будуць з народам Украіны. Беларусы — гэта не Лукашэнка. Лукашэнка — ганьба маёй краіны. Што Лукашэнка абвесціць заўтра ці паслязаўтра — невядома, бо ён ужо не прымае рашэнні, за яго гэта робіць Крэмль.
Таму Беларусь павінна выйсці з ваенных, палітычных і эканамічных саюзаў з Расіяй, якія падрываюць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны.
Спадар прэзідэнт Зяленскі, у адным са зваротаў вы сказалі: «Мы не просім свет змагацца замест нас, мы просім даць нам дапамогу». Беларусы таксама не просяць змагацца замест нас. Мы прапануем Украіне і ўкраінскаму народу збудаваць альянс з дэмакратычнай Беларуссю. Абʼяднаны пераходны кабінет гатовы да супрацы з Украінай і ўсталявання дыпламатычных і палітычных адносін. Мы гатовыя дзейнічаць разам з Украінай», — адзначыла Ціханоўская.