«Рытэйл перажыве першы час, але рэалізацыя — хаос»: гандлёвыя сеткі ў разгубленасці пасля папулізму Лукашэнкі
Рытэйлеры расказалі «Нашай Ніве», як разгортваюцца падзеі на пачатку новага тыдня пасля загаду Лукашэнкі аб замарозцы росту цэн. Некаторых пастаўшчыкоў заварочваюць назад на склад і не прымаюць тавары, недзе — не ведаюць што рабіць з акцыйнымі цэнамі.
10.10.2022 / 13:38
«Хаос. Рытэйл не ведае, як ацэньваць новыя тавары. Што рабіць з акцыямі і дысконтнымі праграмамі, якія дзейнічалі на момант заяваў? Працягваць прадаваць сабе ў мінус са зніжкамі ў 30%?
Аддзелы гандлю выканкамаў патрабуюць рэестры цэнаў на 06.10. Пагражаюць, што адзін экзэмпляр яны пакідаюць сабе, а другі аддаюць у пракуратуру. На ўсе пытанні пра законнасць дзеянняў адказ: словы Лукашэнкі», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з працаўнікоў рытэйлу.
Тое ж самае пацвярджаюць іншыя.
«Сеткі заварочваюць машыны пастаўшчыкоў: не прымаюць тавар, калі такога раней не было, не прымаюць тавар па большай цане. Некаторыя не бяруць увогуле нічога. Пастаўшчыкі едуць назад на аптовы склад», — сказаў іншы менеджар.
«Найпрасцей гэты перыяд пройдуць прадуктовыя рытэйлеры — народ цяпер нічога дарагога не купляе, няма прыбыткаў. Усе грошы — на прадукты.
Таму прадуктовыя рытэйлеры ў кароткатэрміновай перспектыве пацярпяць не моцна. Будуць недзе перакрываць страты прыбыткам з айчынных пазіцый. Тыя, хто возіць з-за мяжы, ім цяжэй. Але, калі лясне курс…» — разважае трэці суразмоўца.
Па крамах пасля нарады ў Лукашэнкі 6 кастрычніка пачалі хадзіць кантралёры з Камітэта дзяржкантролю. Вядома пра першую крымінальную справу за павышэнне цэн — у Бабруйску ў дачыненні да прыватнага прадпрыемства.