«Нобель замучыўся пераварочвацца ў труне». Ведамства Макея пракаментавала ўручэнне прэміі міру Алесю Бяляцкаму

Мінск на пэўным этапе страціў усялякую цікавасць да рашэнняў Нобелеўскага камітэта. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз, перадае «РИА Новости».

07.10.2022 / 14:51

Фота: belarusmfa / Facebook

«Вы ведаеце, у апошнія гады шэраг прынцыповых рашэнняў — а мы кажам аб прэміі міру — Нобелеўскага камітэта настолькі палітызаваны, што, прабачце, Альфрэд Нобель замучыўся пераварочвацца ў труне», — сказаў Глаз.

Ён дадаў, што «гэта іх кухня і іх сумленне, мы не хочам у гэта залазіць і нешта каментаваць».

«Мы проста на пэўным этапе страцілі да гэтага ўсякую цікавасць», — сказаў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.

Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру сёлета сталі беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, расійская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» і ўкраінская праваабарончая арганізацыя «Цэнтр грамадзянскіх свабод».

Nashaniva.com