Святлана Ціханоўская: Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў

Святлана Ціханоўская павіншавала Алеся Бяляцкага з атрыманнем Нобелеўскай прэміі міру.

07.10.2022 / 13:00

Фота: «Вясна»

«Гэта выдатная навіна! Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў. Цяпер пра гэта ведаюць ва ўсім свеце.

Цяпер у Беларусі ёсць яшчэ адзін Нобелеўскі лаўрэат — які супрацьстаіць дыктатуры і вайне.

Я віншую Алеся і яго родных з гэтай узнагародай. Я ўпэўненая, што для іх сям’і гэта вельмі важны знак падтрымкі.

Але гэтая ўзнагарода — яшчэ і прызнанне ўнёску ўсіх беларускіх праваабаронцаў у забяспечэнне міру і правоў чалавека. Таму я віншую кожнага, хто абраў гэта справай свайго жыцця.

На жаль, пра ўручэнне Нобелеўскай прэміі Алесь не даведаўся імгненна разам з намі. Ён не прыедзе ў Осла з нобелеўскай прамовай, бо Алесь Бяляцкі, як і тысячы беларусаў, знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Ужо другі раз яго прызналі палітзняволеным. І гэта сведчыць пра тое, што рэжым з’яўляецца пагрозай міру і свабодзе беларускага народа. 

Гэта далёка не першы выпадак, калі прэмію міру атрымлівае чалавек, які знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Але гэта першы выпадак, калі ўся Беларусь ганарыцца Нобелеўскім лаўрэатам у турме.

Я ўпэўненая, што тыя, хто ўчыніў рэпрэсіі супраць Алеся і тысяч невінаватых людзей, хутка застануцца ў невядомым мінулым. А ў гісторыю ўвойдуць менавіта такія героі, як Алесь Бяляцкі», — напісала Ціханоўская ў тэлеграм-канале.

Nashaniva.com