Лукашысты паставілі на калені вядомага спартоўца, блогера-мільённіка і знялі гэта на відэа

Улад Белавусаў — 26-гадовы хакеіст на траве і адзін з самых папулярных беларускіх блогераў. На яго тыкток падпісаныя больш за два мільёны чалавек. 

04.10.2022 / 16:38

Фота: сацсеткі Уладзя Белавусава

Белавусаў родам з Воршы. З дзяцінства хлопец займаўся лёгкай атлетыкай, але пасля пачаў гуляць у хакей на траве. І гэтае хобі стала прафесіяй.

Спачатку ён два гады гуляў за клуб «Гомель», а пасля — за «Мінск». Цяпер ён гуляе яшчэ і ў нацыянальнай зборнай Беларусі пад №10. Яго нават аднойчы прызнавалі найлепшым гульцом сезону.

Фота: zerkalo.io са спасылкай на інстаграм Белавусава

Уладзь з сям'і спартоўцаў — ягоная маці трэнерка па хакеі на траве, яна і была яго першай трэнеркай, а стрыечны брат таксама гулец.

Тыкток харызматычны спартовец пачаў весці трохі больш за два гады таму і хутка «ўзляцеў». Па прызнанні хлопца, гэта яшчэ і дапамагае папулярызаваць улюблёны спорт — на матчы ХК «Мінск» пачалі прыходзіць людзі з ягонага тыктоку.

Цяпер хлопец перавысіў адзнаку ў два мільёны падпісантаў у тыктоку і 777 тысячаў у інстаграме. Ягоны брат Андрэй таксама тыктокер і мае 1,7 мільёна падпісантаў.

Сацсеткі Уладзя

На відэа, апублікаваным ГУБАЗіКам, спартовец выглядае падаўленым, з цяжкасцю прамаўляе словы, ледзь не плача. Ён кажа, што «ўдзельнічаў у пратэстах», «дзяліўся інфармацыяй з тэлеграм-каналаў» і «пакрыўдзіў сілавікоў».

Напрыканцы відэа паказваюць, як хлопец стаіць на каленях з тварам, уткнутым у дывановае пакрыццё — мяркуючы па антуражы, гэта кабінет супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. На кадры накладзеная песня са словамі «я сяду».

Скрыншот з ГУБАЗіКаўскага відэа

Сілавікі дзякуюць «неабыякавым падпісантам» за тое, што яны «злілі» ім старыя відэа хлопца, на якіх ён удзельнічае ў пратэстах у 2020 годзе. Іначай, кажуць яны, «матэрыялы маглі згубіцца на прасторах інтэрнэту». Аднак да такіх сцвярджэнняў варта ставіцца скептычна. Такімі заявамі часта прыкрываюць сапраўдныя спосабы здабыцця інфармацыі. Акрамя таго, так матывуюць патэнцыйных даносчыкаў, каб уцягнуць як мага больш людзей у саўдзел у масавых рэпрэсіях.

Мяркуючы па паведамленні сілавікоў, супраць Белавусава заведзеная крымінальная справа па «народным» 342-м артыкуле за ўдзел у руху за свабодныя выбары і аднаўленне канстытуцыйнай законнасці.

Nashaniva.com