ГУР Украіны: Расійскія салдаты масава здаюцца ў палон

У Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны кажуць, што за апошнія некалькі тыдняў паступіла больш за 2 тысячы зваротаў аб здачы ў палон расійскіх вайскоўцаў, піша «УП».

04.10.2022 / 13:45

Мабілізацыя ў Расіі. Фота: АР

Прадстаўнік ваеннай разведкі Андрэй Юсаў у эфіры тэлеканала Freeдом заявіў, што ўсплёск зваротаў назіраўся пасля паспяховага контрнаступу УСУ на Харкаўшчыне і абвяшчэння частковай мабілізацыі ў РФ.

«Тады пачалі тэлефанаваць ужо не проста салдаты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны ў рамках акупацыйнай арміі, але і тыя, якіх або толькі-толькі мабілізавалі, і яны яшчэ на тэрыторыі РФ знаходзяцца, або іх сваякі, ці нават людзі, якія падазраюць, што могуць быць мабілізаваныя, і на ўсялякі выпадак удакладняюць інфармацыю. За некалькі тыдняў у нас ужо больш за дзве тысячы такіх зваротаў», — сказаў ён.

Ва Украіне арганізаваны дзяржаўны праект «Хачу жыць», які закліканы дапамагчы вайскоўцам арміі РФ бяспечна здацца ў палон украінскім узброеным сілам.

Для расійскіх вайскоўцаў і іх родных працуюць кругласутачныя нумары.

Расіянам гарантуюць утрыманне, адпаведнае нормам Жэнеўскіх канвенцый.

Nashaniva.com