Патрыярх Кірыл ушанаваў «рускамірную» актыўнасць ігуменні Гаўрыілы ордэнам
Сумнавядомую ігуменню Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Гродне Гаўрыілу патрыярх Кірыл уганараваў адной з найвышэйшых узнагарод Рускай Праваслаўнай Царквы — ордэнам святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі I ступені. Для жанчын яна ўвогуле найвышэйшая.
03.10.2022 / 22:00
Узнагарода з пункту гледжання таго, хто яе дае, цалкам заслужаная, бо Гаўрыіла ідзе цалкам у фарватары кірунку РПЦ, зададзенага самім Кірылам. Яна вядомая як актыўная прыхільніца Лукашэнкі, зацята змагаецца з нацыянальным беларускім рухам, апраўдвае ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны і ўвогуле апантана прасоўвае ідэі «рускага свету».
У 2020 годзе, калі нават кіраўніцтва БПЦ нейкі час спрабавала трымаць больш-менш узважаную пазіцыю, ігумення Гаўрыіла адкрыта выступіла на баку Лукашэнкі і сілавікоў, благаслаўляючы разгорнуты шырокамаштабны дзяржаўны гвалт, выступала з агрэсіўнымі прамовамі на дзяржаўных мерапрыемствах і дарыла пачастункі амапаўцам. Гэта несумненна адна з найбольш адыёзных фігур у сучасным беларускім праваслаўі.