Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Польшчы, ён падтрымаў яе пераходны кабінет
3 кастрычніка міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі сустрэўся з лідаркай дэмакратычнай апазіцыі Беларусі Святланай Ціханоўскай. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел намеснік міністра Барташ Градзецкі і амбасадар Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі.
03.10.2022 / 16:30
Святлана Ціханоўская і Марыюш Каміньскі
З боку Аб’яднанага пераходнага кабінета ўдзел у сустрэчы бралі: кіраўніца Святлана Ціханоўская, прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка, прадстаўнік па замежных справах Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандар Азараў і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык. Ціханоўская распавяла міністру пра планы дэмакратычных сілаў, пра сітуацыю з беларусамі ў Польшчы і пра дапамогу, якую беларусы аказваюць Украіне. Прадстаўнікі Кабінета распавялі аб працы ў сваіх напрамках.
«Падчас размовы міністр Марыюш Каміньскі запэўніў, што Польшча і далей падтрымлівае і цэніць дзейнасць беларускай апазіцыі, у тым ліку, у прыватнасці, створанага ў жніўні 2022 года часовага кабінета пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай», — паведаміла прэс-служба МЗС Польшчы.
Польскі бок таксама паведаміў пра змены ў польскім заканадаўстве, якія спрашчаюць пражыванне беларусаў у краіне, і аб дзейнасці працоўнай групы па вырашэнні праблем беларусаў.