Беларускую зборную па хакеі пасля зняцця санкцый вернуць адразу ў элітны дывізіён

У Турцыі, дзе праходзіць кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе (ІІХФ), была вызначаная канцэпцыя будучага вяртання зборных Беларусі і Расіі на чэмпіянат свету. 

30.09.2022 / 17:48

Фота ілюстрацыйнае

Спартыўныя функцыянеры пайшлі насустрач адхіленым камандам і абвясцілі пра просты механізм: зборныя дзвюх краін вернуцца ў тыя катэгорыі і дывізіёны, у якіх яны гулялі да таго моманту, калі іх удзел у праграме чэмпіянатаў ІІХФ быў «замарожаны».

Гэта значыць, што Беларусь, як і Расія, калі з яе знімуць санкцыі, будзе зноў выступаць у эліце. За такое рашэнне прагаласавалі 98 са 119 членаў Кангрэса.

Але калі адбудзецца вяртанне зборнай Беларусі на міжнародную арэну — пытанне адкрытае, і на яго ніхто на гэты момант не адкажа. Працэс можа расцягнуцца і на гады. Дакладна пакуль што вядома толькі тое, што ў 2023-м ні беларусаў, ні расіян на чэмпіянаце свету па хакеі не будзе.

Nashaniva.com