«Інешкіпаз забірае яго ў Яблычныя Сады. Туды, дзе Цюшця валадарыць з нашымі продкамі». Баец «Пагоні», што загінуў, аказаўся па нацыянальнасці эрзя

Аляксей Вешчавайлаў жыў у Гомелі і быў жанаты з беларускай. Але ён быў па паходжанні эрзя. І гэта было настолькі важна для яго, што нават ягоным пазыўным было слова на эрзянскай мове. Малы народ, каланізаваны рускімі, аплаквае Аляксея як свайго героя.

28.09.2022 / 13:24

Яго ведалі пад нікам «Ледяй». На эрзя гэта азначае «жнец».

31-гадовы Аляксей Вешчавайлаў быў салдатам-наводчыкам 1-й інтэрнацыянальнай роты 517-га батальёна 1-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння імя Івана Богуна Узброеных сіл Украіны.

Першы раз Аляксей узяў у рукі зброю пасля нападу Расіі на Украіну ў 2014 годзе. Ëн уступіў у 72-ю асобную механізаваную брыгаду імя Чорных запарожцаў і праваяваў два гады.

Пасля завяршэння кантракту ён вярнуўся да жонкі ў Беларусь, дзе яго асудзілі на 2 гады турмы за ўдзел ва ўзброеным канфлікце без дазволу ўладаў. У лютым 2022 года Вешчавайлаў ізноў паехаў ва Украіну змагацца супраць расійскіх захопнікаў.

Аляксей ваяваў у палку «Пагоня» і загінуў у баі пад Дружкаўкаю, што каля Бахмута — адзіным кірунку, дзе рускія працягваюць насядаць. 

Пабрацімы байца расказалі «Нашай Ніве», што міна прыляцела ў акоп Вешчавайлава. Ён загінуў на месцы. Яго саслужыўца лёгка параніла. 

Аляксея характарызуюць як дасведчанага байца, гумарыста, душу кампаніі. 

Аляксей Вешчавайлаў на фронце. Фота тэлеграм-канала Vandy

Рада старэйшын эрзянскага народа назвала Аляксея Вешчавайлава эрзянскім нацыяналістам, «які прыехаў у Украіну, каб дапамагчы гэтай свабодалюбнай нацыі ў барацьбе з расейскім агрэсарам».

«Прызыўны знак Торамы вырывае нашага брата з поля бою — Інешкіпаз забірае яго ў Яблычныя Сады. Туды, дзе Цюшця валадарыць з нашымі продкамі», — паэтычна піша пра загінулага эрзянскі тэлеграм-канал Vandy.

Часцей за ўсё беларусы не ведаюць народа эрзя, бо больш пашыраная ў нас назва, у адпаведнасці з расійскай традыцыяй — мардва. Але насамрэч такога народа няма, у ягоны склад даволі штучна ўключаныя два асобныя, хоць і блізкія народы — эрзя і мокша. Самі іх прадстаўнікі выразнае адрозненне адных ад другіх праводзяць. Разам эрзя і мокшы каля мільёна, кожнага прыблізна па палове. Але ў выніку шматвяковай каланізацыі і асіміляцыі яны моцна расцярушаныя па ўсім Паволжы, а ў самой Мардовіі карэнныя народы складаюць толькі 33 працэнты насельніцтва.

«Ледяй» меў ехаць дэлегатам на Эрзянскі нацыянальны з'езд, які адкрываецца 30 верасня ў Эстоніі. Але ўжо не зможа.

Абараняў Бахмут, міна прыляцела ў акоп — як загінуў дабраахвотнік палка «Пагоня»

Nashaniva.com