Больш за 10% насельніцтва Зямлі мае праблемы з мозгам. Але навукоўцы блізкія да прарыву

Пасля безвыніковых дзесяцігоддзяў навукі пра мозг перажываюць сваё адраджэнне. Навукоўцы сталі на некалькі крокаў бліжэйшыя да перамогі над неўралагічнымі хваробамі, піша The Economist.

27.09.2022 / 16:13

Захворванні мозга выклікаюць у свеце ўсё большую занепакоенасць. Згодна з праектам Global Burden of Disease Project, парушэнні псіхічнага здароўя закранаюць каля 970 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце. Гэта больш за 10% ад насельніцтва Зямлі. Пры гэтым адзначаецца, што гэтая лічба цалкам можа быць заніжанай. Акрамя таго, неўралагічныя праблемы, такія як інсульт, дэменцыя, мігрэнь, хвароба Паркінсана, эпілепсія і чэрапна-мазгавыя траўмы, разам з'яўляюцца галоўнай прычынай інваліднасці ў свеце. Старэнне насельніцтва разам з нездаровым ладам жыцця можа пагоршыць гэтую праблему паўсюдна.

У ідэальным свеце навука прыйшла б на дапамогу. Але мозг — гэта складаны орган, які часам апісваюць як самую складаную структуру ў Сусвеце. Навука 20 стагоддзя забяспечыла некаторыя фармакалагічныя інструменты, з дапамогай якіх можна было лячыць пэўныя рэчы, што ідуць не так у мозгу, але яго фундаментальныя таямніцы аказалася цяжка разгадаць. У выніку прагрэс ішоў значна павольней, чым у лячэнні сэрца або раку.

Сапраўды, часам было цяжка заўважыць вялікі прагрэс. Прыватны сектар выдаткаваў прыкладна 43 мільярды даляраў на даследаванні тэрапіі хваробы Альцгеймера ў перыяд з 1998 па 2017 год, але вынікаў так і не дамогся. Гэты эпічны правал, магчыма, з'яўляецца галоўнай прычынай таго, што ў 2010-х гадах многія фармацэўтычныя фірмы адмовіліся або скарацілі даследаванні ў галіне неўралогіі.

На шчасце, ёсць прыкметы зменаў. Новыя ідэі ў галіне цяпер прыходзяць з уражваючай хуткасцю. 

Асноўным рухавіком прагрэсу тут з’яўляюцца генетыка і веды пра малекулярныя схемы. Іншыя фактары прагрэсу ўключаюць такія інструменты, як оптагенетыка і арганоіды (органы, вырашчаныя ў штучных умовах). Оптагенетыка, якая выкарыстоўвае генетычныя маніпуляцыі, каб паказаць працу мозгу з дапамогай святла, змяняе навуку пра мозг у лабараторыі ўжо цяпер.

Такія новыя формы візуалізацыі спрыяюць пашырэнню цікавасці да асноўнай працы мозга. Многія фармацэўтычныя кампаніі, некаторыя з іх буйныя, зноў праяўляюць цікавасць да сферы неўралогіі, што можна назваць пачаткам яе сапраўднага адраджэння.

Адно з самых хвалюючых апошніх адкрыццяў — гэта тое, наколькі мозг пластычны. Ён «нараджае» новыя нейроны на працягу ўсяго жыцця чалавека, што сведчыць пра вялікі патэнцыял для лячэння і нават канчатковага вылячэння многіх захворванняў мозга.

Рост адкрытасці да вывучэння стыгматызаваных раней «рэкрэацыйных наркотыкаў» пашырае спектр магчымых лекаў. Новыя віды лячэння, такія як генная тэрапія, пашыраюць спектр хвароб, з якімі можна змагацца, і стымулююць прагрэс у барацьбе, напрыклад, з хранічным болем.

У той жа час расце колькасць даследаванняў і даных, крытычна важных для разумення біялагічных прычын дысфункцыі мозга. Такія праекты, як брытанскі Biobank, адсочваюць дзясяткі ці нават сотні тысяч людзей на працягу пакалення ці больш. Яны павінны дапамагчы адказаць на пытанні аб каранях узнікнення парушэнняў мозга, такіх як, напрыклад, дэменцыя, якой могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі перад тым, як праявіць сябе.

Але ў той час як растуць надзеі на пераадоленне гэтай апошняй мяжы біямедыцыны, варта не забываць, што сакрэт здаровага мозга не толькі ў таблетках ці ў добрым псіхатэрапеўце. 

Важна памятаць, што вялізны ўплыў на здароўе мозга і свядомасць чалавека мае тое, што адбываецца за межамі гэтага мозга. Напрыклад, харчаванне, фізічныя практыкаванні, алкаголь, адукацыя, сацыяльныя сувязі і забруджванне навакольнага асяроддзя. У нашы дні асаблівае значэнне мае забруджванне паветра, якое можа негатыўна паўплываць на здароўе мозга як на пачатку, так і ў канцы жыцця. 

Нічога з гэтага не павінна здзіўляць: здароўе мозга залежыць ад здароўя і дабрабыту цела, у якім ён знаходзіцца. Гэта становіцца ўсё больш важным, калі становіцца відавочнай непасрэдная біялагічная сувязь з такімі псіхічнымі расстройствамі, як дэпрэсія і трывога.

Намаганні па забеспячэнні лепшага здароўя мозга — гэта інвестыцыя, якая будзе працягваць прыносіць дывідэнды як людзям, так і грамадству, на дзесяцігоддзі наперад.

Nashaniva.com