Абараняў Бахмут, міна прыляцела ў акоп — як загінуў дабраахвотнік палка «Пагоня»

Пабрацімы не называюць поўныя дадзеныя абаронцы Украіны і Беларусі ў мэтах бяспекі яго сям'і. Вядома, што сам ён паходзіць з Гомельскай вобласці, служыў у «Пагоні» кулямётчыкам, апошнія дні сваёй вайны правёў у абароне Бахмута — адзіным месцы, дзе рускія працягваюць насядаць на фоне паразаў на іншых участках. 

27.09.2022 / 12:50

Фота: PragueSupport / Twitter

«Гэта быў дасведчаны баец, у «Пагоні» ваяваў з ліпеня. Загінуў так — былі на абароне пазіцый пад Бахмутам, дзе насядаюць рускія. Варожая міна прыляцела наўпрост у акоп, амаль наўпрост пацэліла па чалавеку. Яны там былі ўдваіх, два з «Пагоні», вось адзін загінуў, а другі — лёгка паранены. Хлопцу было троху за 30. Публікаваць сапраўдныя дадзеныя пакуль не будзем», — сказалі «Нашай Ніве» саслужыўцы загінулага. 

Гэта першы вядомы выпадак гібелі беларуса з шэрагаў «Пагоні», якая аб'ядноўвае збольшага былых беларускіх ваеннаслужачых і афіцэраў сілаў спецыяльных аперацый. 

Лічыцца, што стваральнік і ідэйны кіраўнік «Пагоні» — падпалкоўнік беларускіх паветрана-дэсантных войскаў Валерый Сахашчык, які са жніўня 2022 года стаў «міністрам абароны» у кабінеце прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай. 

Nashaniva.com