Саша Зверава: Мы з Эдуардам Бабарыкам больш не разам

Дзяўчына Эдуарда Бабарыкі Саша Зверава напісала ў фэйсбуку «просты і кароткі пост»: яны з Эдуардам больш не разам, і гэта не яе рашэнне.

26.09.2022 / 18:18

Паводле Зверавай: «Эдзік захацеў спыніць перапіску. Мне застаецца з павагай паставіцца да яго рашэння».

Пры гэтым: «Эдзік быў і застаецца самым важным чалавекам у маім жыцці і калі б заўтра на зямлю ляцеў метэарыт (можаце замяніць на ядзерны ўдар) і ў мяне спыталі, дзе б я хацела правесці свой апошні дзень на планеце, то я б адказала, што хачу правесці яго побач з Эдзікам…

Але наша гісторыя скончылася — далей я крочу па жыцці самастойна».

Сын Віктара Бабарыкі Эдуард утрымліваецца ў СІЗА з 18 чэрвеня 2020 года. Ён быў затрыманы разам з бацькам і праходзіць абвінавачаным па дзвюх крымінальных справах паралельна.

Першую справу вядзе КДБ з моманту затрымання: арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Канчатковае абвінавачванне да гэтага часу не прад'яўленае, справа ў суд не перададзеная.

Другую справу вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэта. Эдуард стаў падазраваным у снежні 2021 года. Абвінавачванне прад'яўленае па частцы 3 артыкула 130 часткі 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — гэта «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» і арганізацыя масавых беспарадкаў. Па гэтым артыкуле Эдуарду пагражае да 20 гадоў.

Nashaniva.com