Выходзяць у свет «Людзі Лесу» — чацвёртая кніга фотаархіва VEHA

Прэзентацыя новага выдання незалежнай ініцыятывы VEHA, якая працуе над захаваннем візуальнай гісторыі Беларусі, адбудзецца 15 кастрычніка ў Варшаве ў галерэя FAF (Fundacja Archeologia Fotografii), паведамляе Reform.by.

23.09.2022 / 20:16

Фота з калекцыі VEHA «Людзі Лесу». 1966 год, возера Нарач, Мядзельскі раён, Мінская вобласць. Архіў Рамана Хацяловіча, даслаў Уладзімір Садоўскі

Гаворка ідзе пра новую кнігу, якая складаецца са 133 здымкаў з сямейных архіваў і культурных інстытуцый Беларусі і Польшчы — «Людзі Лесу». Гэта ўжо чацвёрты праект VEHA — пасля нашумелых кніг-альбомаў «Найлепшы бок», «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак».

Сёння ініцыятыва абвясціла аб завяршэнні працы над новай кнігай і пазначыла дату і месца прэзентацыі выдання: Варшава, 15 кастрычніка, галерэя FAF. «Людзі Лесу» выходзяць на дзвюх мовах: англійскай і беларускай. Аб’ём кнігі — 196 старонак.

Улічваючы абмежаваную колькасць альбомаў — 100 асобнікаў, стваральнікі раяць зрабіць перадзамову.

Архіў VEHA бачыць сваёй задачай збор вернакулярнай (аматарскай) фатаграфічнай спадчыны, якая дазволіць больш аб’ёмна ўбачыць гісторыю паўсядзённасці беларусаў, абыходзячы фільтры афіцыйнага дыскурсу. Даследчыкі не толькі збіраюць архіў па розных тэмах, але аналізуюць і асэнсоўваюць дасланы матэрыял.

У кнізе «Людзі Лесу» даследніцкіх тэкстаў будзе тры: артыкул Лідзіі Марціновіч «Беларускі лес як культурны ландшафт», Уладзіміра Грамовіча «Лес-абаронца. Лес-вораг» і Анастасіі Вальковіч «Лес і паўсядзённасць беларусаў».

Nashaniva.com