У Беларусі застануцца толькі два эстонскія дыпламаты

Сёння ў МЗС Беларусі выклікалі часовую павераную ў справах Эстоніі ў Рэспубліцы Беларусь Трыін Хіесалу. Ёй паведамілі пра прынятае рашэнне аб скарачэнні штату эстонскага пасольства да самага мінімуму.

23.09.2022 / 16:36

Дыпламатцы паведамілі, што «ва ўмовах непаважлівага стаўлення да суверэнітэту нашай краіны з боку эстонскага кіраўніцтва» беларуская ўлада «не бачыць сэнсу ў шырокай дыпламатычнай прысутнасці Эстоніі на сваёй тэрыторыі».

У сувязі з гэтым з 1 кастрычніка 2022 года штат эстонскай амбасады павінен быць даведзены да аднаго дыпламатычнага супрацоўніка для выканання консульскіх функцый і аднаго работніка адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу.

Аналагічным чынам і беларускі бок скароціць сваю дыпламатычную прысутнасць у Эстоніі. Пасол Беларусі ў Эстоніі адклікаецца на кансультацыі ў Мінск.

Nashaniva.com