Новыя санкцыі ЕC супраць Расіі могуць закрануць IT. Іх могуць распаўсюдзіць і на Беларусь

Новы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі можа закрануць IT-сферу. Пры гэтым Польшча і краіны Балтыі прапануюць пашырыць абмежавальныя меры і на Беларусь.

23.09.2022 / 09:49

Пра гэта паведамляе reform.by са спасылкай на Financial Times.

Міністры замежных спраў краін ЕС на экстранай сустрэчы ў Нью-Ёрку, скліканай пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі ў Расіі і рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны, дамовіліся аб падрыхтоўцы новага пакета санкцый. Еўракамісія можа прадставіць афіцыйныя прапановы па яго змесце на наступным тыдні, а фармальнае рашэнне аб увядзенні ў дзеянне пакета можа быць прынятае ў сярэдзіне кастрычніка. Першапачаткова паведамлялася, што ён будзе ўключаць меры па абмежаванні коштаў на расійскую нафту, а таксама па пашырэнні персанальных санкцый.

Акрамя механізму па абмежаванні цэн на расійскую нафту, у пакет могуць увайсці меры, накіраваныя на расійскую сферу інфармацыйных тэхналогій, кібербяспекі і праграмнага забеспячэння. Што гэта за меры, невядома. Акрамя таго, Польшча і краіны Балтыі таксама прапануюць адключыць яшчэ некалькі банкаў ад SWIFT, забараніць імпарт алмазаў. Таксама яны выступаюць за тое, каб санкцыі, уключаючы абмежаванні даступнасці інфармацыйных і іншых паслуг у IT-сферы, былі ўведзеныя і супраць Беларусі.

Nashaniva.com