Еўрапейскія лідары абвінавацілі Расію ў імперыялізме

Лідары найбольш ўплывовых еўрапейскіх краін, у тым ліку Францыі і Германіі, апошнім часам пачалі адкрыта называць дзеянні Расіі ў суседніх краінах імперыялізмам. 

21.09.2022 / 17:51

Уварванне расійскіх войскаў ва Украіну з’яўляецца адраджэннем імперыялізму, мяркуе прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Па яго словах, «тое, што мы назіраем пачынаючы з 24 лютага, — гэта вяртанне да часоў імперыялізму і калоній». Францыя адхіляе гэта, імкнецца да міру і таму працягвае шукаць магчымасці працягнуць дыялог з Расіяй, падкрэсліў кіраўнік французскай дзяржавы.

Макрон таксама адзначыў, што сучасны імперыялізм, не з’яўляючыся ні еўрапейскім, ні заходнім, «прымае форму тэрытарыяльнага ўварвання, які абапіраецца на гібрыдную і глабалізаваную вайну, што выкарыстоўвае цэны на энергарэсурсы, харчовую бяспеку, ядзерную бяспеку, доступ да інфармацыі і міграцыю насельніцтва ў якасці зброі падзелу і знішчэння».

Вайна закранае суверэнітэт ўсіх краін, заявіў прэзідэнт Францыі, выступаючы ў Нью-Ёрку на Генеральнай Асамблеі ААН. 

Канцлер Германіі Олаф Шольц абвінаваціў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў імперыялістычных памкненнях, выступаючы ў Нью-Ёрку на Генасамблеі.

Па словах Шольца, «захопніцкая вайна Расіі супраць Украіны нічым не апраўданая. Прэзідэнт Пуцін вядзе яе з адной адзінай мэтай — завалодаць Украінай», не лічачыся з такімі каштоўнасцямі, як «самавызначэнне і палітычная незалежнасць».

«Для гэтага існуе толькі адно слова: непрыкрыты імперыялізм», — падкрэсліў канцлер.

Шольц паказаў, што дзяржавы-члены ААН не могуць дазволіць сабе «сядзець склаўшы рукі, пакуль узброеная да зубоў ядзерная дзяржава, — якая, да таго ж, яшчэ і лічыцца сярод заснавальнікаў Аб'яднаных Нацый, — жадае рассунуць межы гвалту». Ён заклікаў міжнародную супольнасць стаць на абарону мэтаў і базавых палажэнняў Статута ААН.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Генасамблеі ААН, Олаф Шольц заклікаў іх не дапусціць, каб Расія перамагла ў вайне супраць Украіны.

Міжнародная супольнасць не можа прыняць мірнае пагадненне на ўмовах, якія дыктуе Расія, упэўнены канцлер Германіі. «Менавіта па гэтай прычыне Украіна павінна быць здольнай адбіць напад Расіі. Мы падтрымліваем Украіну ў гэтым усімі нашымі сіламі: фінансава, эканамічна, гуманітарна, а таксама зброяй», — запэўніў кіраўнік Германіі. 

Гэта даволі рэзкая рыторыка для лідараў еўрапейскіх дзяржаў, якой яны раней пазбягалі. Хаця ў імперыялізме расійскія ўлады раней абвінавачвалі ўкраінскія палітыкі і некаторыя заходнія інтэлектуалы.

«Пуцін зрывае з сябе шмат масак — тое, што ён паказвае даволі паслядоўна, — гэта новыя імперскія амбіцыі Расеі», — сказаў Роры Фінін, дацэнт украіназнаўства Кембрыджскага ўніверсітэта.

«Вайна Расіі супраць Украіны цяпер відавочна вайна за імперскае заваяванне», — дадаў ён.

Нагадаем, як толькі Пуцін стаў прэзідэнтам у 2000 годзе, Крэмль у адносінах з Украінай і Беларуссю паступова пачаў вяртацца да нацыяналістычнай рыторыкі, імперыялізму, які адмаўляе існаванне украінскага і беларускага народаў.

У вачах Крамля Украіна і Беларусь — гэта «руская зямля», а ўкраінцы і беларусы — галіны агульнарускай нацыі. 

Пуцін разглядае сваю гістарычную місію як «збіральніка рускіх земляў». Першай тэрыторыяй, якую «сабралі», быў Крым у 2014 годзе. У Беларусі ўстаноўлены цалкам лаяльны да Крамля палітычны рэжым. Украіна — частка «рускіх зямель», якія Пуцін імкнецца «сабраць».

Апошнія гады гэты імперыялізм толькі ўзмацняўся, па меры таго як Пуцін усё больш абмяжоўваў расійскую грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ і саджаў у турму лідараў апазіцыі. 

У прамове аб прызнанні незалежнасці «ДНР» і «ЛНР» Пуцін увесь час кіраваўся псеўдагістарычнымі аргументамі і сцвярджэннямі, што Украіна, нібыта, гэта ўсяго толькі пабочны прадукт расійскай гісторыі.

«З даўніх часоў людзі, якія жывуць на паўднёвым захадзе гістарычна рускай зямлі, называлі сябе рускімі і праваслаўнымі», — гаварыў тады Пуцін. 

«Сучасная Украіна была цалкам створана Расіяй, ці, калі быць больш дакладным, бальшавіцкай, камуністычнай Расіяй», — сцвярджаў кіраўнік Расіі. 

Тое, што заходнія лідары адкрыта сталі называць Пуціна імперыялістам, сведчыць пра ўсведамленне імі, што з Крамлём дамовіцца немагчыма. Усім стала зразумела, што вайна ва Украіне ніякім чынам не была звязана з пашырэннем НАТА або «дэнацыфікацыяй», гэта была проста спроба захапіць іншую краіну.

Nashaniva.com