Расія афіцыйна прызнала, што за 7 месяцаў страціла больш вайскоўцаў, чым за 4 гады Афганістана і Першую чачэнскую
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падчас свайго звароту на тэлеканале «Расія 24» агучыў колькасць страт расійскай арміі з пачатку вайны. Лічбу непраўдзівую, але паказальную.
21.09.2022 / 11:43
— 5937 чалавек загінулі ва Узброеных сілах Расіі з пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (вайны супраць Украіны — заўв. НН), — заявіў расійскі міністр.
Гэтая лічба, відавочна, з'яўляецца заніжанай.
Рэсурсы, якія вядуць падлік па адкрытых крыніцах, ужо налічылі каля 6300 загінулых.
Акрамя таго, Шайгу заявіў пра 5937 загінулых толькі ў арміі. Але свае страты ёсць не толькі ў вайскоўцаў, але і ў МУС, Расгвардыі, прыватных ваенных кампаній, «добраахвотнікаў», спецслужбаў, армій так званых «ЛНР» і «ДНР».
Украінскія афіцыйныя асобы і заходнія СМІ ўвогуле называюць у 10 разоў большыя лічбы.
Нават калі лічыць лічбы Шайгу праўдзівымі, ён афіцыйна прызнаў, што Расія за няпоўныя 7 месяцаў «спецаперацыі» страціла людзей больш, чым СССР за першыя 4 гады вайны ў Афганістане і Першую чачэнскую вайну.
Вось як выглядалі страты СССР паводле афіцыйных даных за першыя 4 гады вайны.
1979 год | 86 чалавек |
1980 год | 1484 чалавекі |
1981 год | 1298 чалавек |
1982 год | 1948 чалавек |
У суме — 4816 чалавек.
Паводле афіцыйных даных, у Першую чачэнскую вайну Расія страціла 5732 чалавек з арміі і МУС.
Вядома, і цяперашнія лічбы Шайгу, і справаздачы савецкіх генералаў, і расійская статыстыка за 1994-1996 — хлуслівыя. Але прынамсі афіцыйна Расія прызнала, што за 7 месяцаў «спецаперацыі» яна страціла больш вайскоўцаў, чым за 4 гады Афганістана і Першую чачэнскую.
Ваенныя няўдачы СССР у Афганістане і няўдачы Расіі ў Чачні сталі моцнымі дэстабілізуючымі фактарамі. Уплыў гэтых войнаў на расійскую палітыку, грамадскую думку і масавую культуру цяжка пераацаніць. Імаверна, уплыў расійска-ўкраінскай вайны будзе яшчэ больш істотным і балючым для расійскай дзяржавы.