Лукашэнка пазбавіў званняў 80 афіцэраў, у тым ліку з КДБ і ўласнай Службы бяспекі. Ашаламляльнае прызнанне, наколькі шмат праціўнікаў рэжыму ўнутры сілавых структур
Сёння быў апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 19 верасня пра пазбаўленне званняў для былых вайскоўцаў і міліцыянтаў. Расказваем, хто гэтыя людзі.
21.09.2022 / 07:53
Першая частка людзей — гэта дзеячы розных апазіцыйных ініцыятываў ці медыйныя асобы
Валерый Сахашчык і ягоны сын Аляксандр Сахашчык, якія былі падпалкоўнікам і маёрам адпаведна.
Валер Сахашчык. Фота з ягонага звароту з нагоды ўварвання Расіі ва Украіну.
Дзмітрый Дзмітрыеў, падпалкоўнік міліцыі запасу. Фатограф, працуе для незалежных СМІ.
Андрэй Паротнікаў, капітан міліцыі запасу. Аналітык, эксперт па пытаннях бяспекі.
Алег Талерчык, дарадца юстыцыі, працаваў у Генеральнай пракуратуры. Прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў BYPOL.
Крысціна Ціманоўская, прапаршчык унутранай службы запасу. Бягуха, якая пакінула Алімпійскія гульні праз спробы вывезці яе ў Беларусь пасля крытыкі кіраўніцтва зборнай. Жыве ў Польшчы.
Другая група — палітвязні і зняволеныя па палітычных матывах
Ягор Лебядок, які быў старшым лейтэнантам запасу. Супраць яго заведзена крымінальная справа па арт. 361-4 КК «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпёр ён у СІЗА-1.
Яўген Бабак, які быў юрыстам 1 класа. Яму прысудзілі 4 гады калоніі па артыкулах 130 КК і 342 КК.
Аляксандр Велясніцкі, старшы лейтэнант запаса. Пасля 2020 асудзіў гвалт сілавікоў. Затрыманы 29 верасня 2021 года, з гэтага часу знаходзіцца ў брэсцкім СІЗА. Абвінавачваецца па артыкулах 130 КК і 342 КК.
Капітан міліцыі Ігар Букас затрыманы 10 жніўня 2020 года. Яго разам з сынам абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам ДАІ (арт. 364 КК). Ігару прысудзілі 4 гады калоніі строгага рэжыму, адбывае пакаранне ў гродзенскай турме.
Ігар Букас. Фота: dissidentby.com
Лейтэнант міліцыі запасу Уладзімір Шустаў быў затрыманы 10 жніўня 2020 года. Падчас затрымання яго моцна збілі і абвінавацілі ў гвалце над міліцыянтам (арт. 364 КК). Раней Уладзімір служыў у АМАПе. Адбывае пакаранне ў ПК №3.
Падпалкоўнік юстыцыі Аляксей Сянькоў быў затрыманы 5 ліпеня 2021 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў нядзельных маршах 16 і 23 жніўня. Прысудзілі два гады пазбаўлення волі. Адбывае пакаранне ў ПК-3. Меў медалі за бездакорную службу. Ягоны брат, палітвязень Юрый Сянькоў, атрымаў тры гады турмы за ўдзел у тых жа маршах і рэпост у тэлеграме.
Юрыста 1 класа і былога супрацоўніка пракуратуры Алега Ермакова затрымалі 10 лютага 2022 года. Мужчыну 34 гады і ў яго двое дзяцей. Алега вінавацяць у выдаванні звестак пра выканаўцаў рэпрэсій і ўдзельнікаў фальсіфікацыі выбараў. Утрымліваецца ў СІЗА-1.
Юрыстку 2 класа Наталлю Лашч затрымалі 17 жніўня 2022 года. Згодна з інфармацыяй сілавікоў, таксама за «злівы» даных выканаўцаў рэпрэсій і ўдзельнікаў фальсіфікацыі выбараў. Супраць яе заведзеная крымінальная справа па артыкуле 130 КК РБ «Распальванне варожасці і варажнечы», ёй пагражае да 12 гадоў.
Наталля Лашч
Сяргей Ман быў падпалкоўнікам КДБ. Згодна са звесткамі «Кіберпартызанаў» у прамежак з 16 па 17 лістапада ён «маючы доступ да дзяржаўных сакрэтаў… і знаходзячыся на сваім працоўным месцы выдаў службовую таямніцу». Цікава, што гэта адбылося амаль адразу пасля забойства Рамана Бандарэнкі, але ці звязана гэта — невядома, але цалкам імаверна, што яго арыштавалі і асудзілі менавіта за пратэстную дзейнасць. Як мінімум з 23 лістапада знаходзіцца пад вартай.
Сяргей Ман
Старшаму лейтэнанту міліцыі запасу Станіславу Пугачову 29 гадоў. Вядома, што ён працаваў у Ленінскім РУУС г. Мінска і даслужыўся там да пасады старшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку. Пасля гэтага ён звольніўся, бо, відаць, скончыўся тэрмін ягонага размеркавання, і пайшоў на працу ў IT. «Пакаяльняе» відэа з ім з'явілася на адным з каналаў ГУБАЗа 16 лютага 2022 года. Днямі яму прысудзілі 7 гадоў калоніі, абвінаваціўшы па артыкулах 179 (незаконны збор альбо распаўсюджванне інфармацыі пра асабістае жыццё), 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці) і 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра асабістае жыццё і персанальныя даныя) Крымінальнага кодэкса.
Станіслаў Пугачоў
Трэцяя група — сілавікі, якія звольніліся ў знак нязгоды з вынікамі выбараў і прымяненнем гвалту супраць пратэстоўцаў, але пра якіх няма інфармацыі, што яны сядзяць за кратамі
Віктар Шарковіч, старшы сержант міліцыі запасу.
Кірыл Бубноў, старшы лейтэнант міліцыі запасу.
Віталь Вольскі, дарадца юстыцыі. Працаваў старшым следчым Генеральнай пракуратуры.
Заява пра адстаўку Віталя Вольскага. Фота: тэлеграм-канал «Баста»
Чацвёртая група — тыя, пра выпадкі затрымання каго вядома са СМІ, але далейшы лёс невядомы
Даніла Асавелюк, лейтэнант запасу. Хлопцу ўсяго 23 гады, імаверна — выпускнік вайсковай кафедры. Яго затрымлівалі ў прамежак з 25 па 26 сакавіка 2022 года.
Ігар Сямашка некалі працаваў намеснікам начальніка кіравання па ахове канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам КДБ і выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка. Узнагароджаны медалём за бездакорную службу другой ступені ў 1997 годзе. Цяпер яму 68 гадоў. Па інфармацыі канала «Спісы затрыманых», мужчыну затрымлівалі 17 лістапада 2021 года.
Сяргею Ляліну 51 год і ён вайсковы пенсіянер у званні падпалкоўніка. Вядома, што ён удзельнічаў у пратэстах — яго затрымлівалі на нядзельным маршы 8 лістапада 2020 года.
Вайсковы пенсіянер з Полацка Аляксей Труцько, меў званне падпалкоўніка. Яго затрымлівалі за пратэсты 27 кастрычніка 2020 года.
Палкоўнік міліцыі Аляксей Пратаповіч з 2011 да пачатку 2020 года ўзначальваў Чэрвеньскі РАУС. Пасля гэтага яго перавялі на пасаду кіраўніка спраў Чэрвеньскага райвыканкама. Звольніўся ў знак нязгоды з фальсіфікацыяй выбараў 2020 года. Затрымлівалі 24 сакавіка 2022 года.
Аляксей Пратаповіч. Фота: cherven.by
Падпалкоўніка міліцыі Андрэя Беленькага, які некалі быў намеснікам начальніка Іванаўскага РАУС, затрымлівалі 14 ліпеня 2022 года.
Пятая група — беларусы, якія ваююць ці ваявалі за незалежнасць Украіны супраць расійскай агрэсіі
Васіль Верамейчык, лейтэнант запасу. Добраахвотнік Палка Каліноўскага (магчыма, былы).
Павел Кулажанка, прапаршчык міліцыі запасу, вядомы як EXOMON. Дзяяч руха «Супраціў», былы ваяр Палка Каліноўскага.
Вячаслаў Граноўскі, сяржант міліцыі запасу. Пасля пачатку вайны паехаў ваяваць ва Украіну, уступіў у добраахвотніцкі батальён «Данбас».
Шостая група — шэраг былых сілавікоў і вайскоўцаў, прычына пазбаўлення званняў якіх дакладна невядомая
Палкоўнік у адстаўцы Генадзь Алексяюк доўгі час працаваў у 86-й групе памежнай службы ў Брэсце. Пасля перайшоў на пасаду намесніка аднаго з кіраўніцтваў у Памежны камітэт. Меў медалі «За бездакорную службу» ўсіх трох ступеняў.
Генадзь Алексяюк. Фота: сацсеткі
Юрый Баркоўскі доўгі час працаваў у ахове Лукашэнкі, выйшаў у запас у званні палкоўніка. У 2004 годзе нават быў чальцом урадавай дэлегацыі на саміт ЕАЭС у Казахстане. Меў два медалі за бездакорную службу — 3 і 2 ступеняў.
Палкоўнік Андрэй Гірс быў намеснікам начальніка першага галоўнага кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэта і выйшаў у запас у званні палкоўніка. Меў медалі «За бездакорную службу» ўсіх трох ступеняў і «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы».
Палкоўніку Дзмітрыю Дзяркову 40 год і ён працаваў у памежнай частцы і частцы 2008, пра якую ў інтэрнэце няма аніякай інфармацыі. Па звестках «Кіберпартызанаў», быў супрацоўнікам КДБ.
Зміцер Дзяркоў
Палкоўнік Зміцер Радзевіч працаваў у Памежным камітэце на многіх пасадах, сярод якіх — старэйшы афіцэр сектара, начальнік кіналагічнай службы і, нарэшце, намеснікам начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага памежнага камітэта. Меў два медалі за бездакорную службу — 3 і 2 ступеняў.
Палкоўнік міліцыі Уладзімір Шыянок выкладае ва ўніверсітэце «МІТСА» і на юрыдычным факультэце БДУ (прынамсі, да нядаўняга часу). Мужчыну 65 гадоў і ён мае ступень доктара юрыдычных навук. Калісьці ўзначальваў кафедру аператыўна-вышукавай дзейнасці Акадэміі міліцыі.
Уладзімір Шыянок. Фота: Onliner.by
Палкоўнік міліцыі Сяргей Пашко некалі быў начальнікам кіраўніцтва ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння кіраўніцтва ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама. З канца 2017 года на пенсіі. Меў два медалі за бездакорную службу — 3 і 2 ступеняў.
Палкоўнік Раман Казлоў працаваў спачатку на асобным кантрольна-прапускным пункце «Мінск» (ён знаходзіцца ў аэрапорце Мінск) і даслужыўся там да начальніка аддзела службы. Пасля перайшоў на пасаду намесніка начальніка аднаго з кіраўніцтваў Дзяржаўнага памежнага камітэта. Меў медалі «За бездакорную службу» ўсіх трох ступеняў.
Падпалкоўніку Сяргея Кісялёву 61 гады і некалі ён працаваў у КДБ, у палку ўрадавай сувязі.
Падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Цвяцінскі быў начальнікам аддзела дзяржаўнай рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Меў два медалі за бездакорную службу — 3 і 2 ступеняў.
Падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Папялёнак быў начальнікам 4-га аддзела крымінальнай міліцыі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Меў два медалі за бездакорную службу — 3 і 2 ступеняў.
Падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Шальц быў намеснікам начальніка Кастрычніцкага РАУС г. Віцебска.
Дарадца юстыцыі Аляксандр Нікалаеў некалі быў маёрам, намеснікам начальніка штаба па мабілізацыйнай рабоце 40-й базы аховы, сувязі і абслугоўвання Сухапутных войскаў УС. Пасля перайшоў на працу ў Следчы камітэт.
Сяргей Ванееў працаваў у памежных службах, даслужыўся да падпалкоўніка. На 2013 год займаў кіраўнічую пасаду ў 15-й памежнай групе памежнай службы.
Зміцер Зора працаваў у 50-й змяшанай авіябазе ВПС Рэспублікі Беларусь у Мачулішчах і адказваў там у тым ліку за забеспячэнне. Даслужыўся да падпалкоўніка.
Зміцер Зора. Фота: сацсеткі
Анатоль Занько — маёр у адстаўцы і ветэран Афганскай вайны. Працаваў вядучым інжынерам па ахове працы ў Маладзечанскай бальніцы №1.
Анатоль Занько. Фота: 12molod.schools.by
Зміцер Супрановіч — маёр запасу. Працаваў у Смаргонскай памежнай групе.
Юрый Шынкевіч — маёр запасу. На 2017 год працаваў начальнікам аддзялення памежнага кантролю 86-й памежнай групы памежнай службы.
Невядома, дзе працавалі і чым займаліся астатнія фігуранты спісу. Мяркуючы па сацыяльных сетках, прынамсі частка людзей з апошняга спіса на волі.