У нядзелю палякі адкрыюць памежны пераход у Кузніцы, але толькі для сваіх

У нядзелю, 25 верасня, на памежным пераходзе ў Кузніцы (з сумежнага боку ў Гродзенскай вобласці пункт пропуску «Брузгі») адбудзецца дзень адчыненых дзвярэй, прысвечаны святкаванню 102-й гадавіне бітвы на Нёмане, якая адбывалася падчас польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў. Але беларусаў туды не пусцяць. 

19.09.2022 / 19:14

Доступ у пункт пропуску будзе адкрыты ўсяго адзін дзень і чакаюць там толькі жыхароў Польшчы.

Польскія памежнікі анансавалі мерапрыемства як сямейнае свята з дэманстрацыяй аўтамабіляў і абсталявання, канцэртам, паказам навыкаў гадаванцаў кіналагічнай службы, гульнямі, конкурсамі і падарункамі для дзяцей. 

Прапускны пункт у Кузніцы паўнавартасна цяпер не працуе. Польшча закрыла рух праз яго 9 лістапада мінулага года, калі да пераходу з беларускага боку падышлі тысячы мігрантаў з Блізкага Усходу. З таго часу рух праз яго так і не аднавіўся. Хоць да закрыцця памежнага пераходу «Кузніца — Брузгі» норма пропуску ў суткі была самай вялікай на ўсім працягу беларуска-польскай мяжы.

Nashaniva.com