Палітолаг: «Дзень народнага адзінства» прайшоў у фармаце дня распальвання варожасці
17 верасня Аляксандр Лукашэнка выступіў на форуме «Гэта наша гісторыя», прымеркаваным да афіцыйнага свята — Дня народнага адзінства. У сваёй прамове ён працягнуў кампанію распальвання нянавісці да Польшчы і да Захаду ў цэлым, піша ў сваім блогу на сайце «Радыё Свабода» аналітык Юрый Дракахруст.
19.09.2022 / 14:19
Лукашэнка падчас выступу 17 верасня. Скрыншот з відэа
«Знайшлося ў ёй месца і наўпроставаму трызьненню кшталту таго, што Польшча атрымала сваю незалежнасьць ад ленінскага Саўнаркама, а польскія эліты і сёння называюць Заходнюю Беларусь «крэсамі ўсходнімі».
Паводле яго «вяртанне» (насамрэч усталяванне) свята 17 верасня — гэта «адказ на новыя спробы Захаду падзяліць беларускі народ па жывому і разарваць на кавалкі краіну». Калі гэта Захад хацеў менавіта падзяліць Беларусь, акрамя як у скрыўленай свядомасці Лукашэнкі?
Ён у сваёй прамове прапанаваў арыгінальную трактоўку БНР. Паводле яго, заснавальнікі рэспублікі думалі толькі пра ўладу, як і іх нашчадкі ў 2020 годзе. Выглядае, што гэта псіхалагічнае праецыраванне сваёй уласнай неспатольнай прагі ўлады на іншых — на сваіх сучасных апанентаў і на іх папярэднікаў.
Цалкам недарэчна прагучала і тэза: «развал Украіны ўжо пачаўся». Гэта — на ўзроўні пыхлівых заяваў напярэдадні вайны і ў яе першыя дні пра «тры дні», праз якія Украіна будзе разгромленая. Украіна выстаяла ў вайне больш чым паўгода.
Цяпер яна адзіная, як ніколі. Частка яе акупаваная агрэсарам, але гэта ў любым выпадку не развал. І да гэтай акупацыі, да дапамогі агрэсару Лукашэнка мае наўпроставае дачыненне.
Асабліва неадэкватнай прагучала тэза пра «развал Украіны» на фоне расійскай паразы ў Харкаўшчыне.
Напэўна, цэнтральная тэза ўсёй прамовы Лукашэнкі: што толькі разам з усходнеславянскімі братамі беларусы квітнелі, а разам з Захадам — гібелі. Досыць прымітыўная трактоўка складанай беларускай гісторыі, але яна павінна спадабацца ў Маскве. Хаця там яе трактуюць яшчэ прасцей: што Беларусь — гэта Расія.
Прыгадваючы ў сваёй прамове праз слова сувэрэнітэт, Лукашэнка ніводнага разу не прыгадаў, што з сувэрэннай беларускай зямлі ляцяць ракеты аднаго ўсходнеславянскага народа на галовы іншага. І што альбо ў яго ніхто на гэта і не пытаецца дазволу, і тады якая гаворка пра беларускі сувэрэнітэт, альбо ён ухваляе гэтую агрэсію аднаго ўсходнеславянскага народа супраць іншага, і тады якая гаворка пра братэрства?
Напэўна, імпэту Лукашэнку надаў яго ўдзел у саміце ШАС, сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу ўплывовых краін свету, якія ў большай ці меншай ступені настроеныя па-антызаходніцку. Лукашэнка прыгадаў падчас прамовы свае размовы ў Самаркандзе як доказ злавеснай глабальнай ролі Вашынгтона.
Не выключана, што паўплывала і пазіцыя Захаду, у прыватнасці, Еўрасаюза. Днямі яна была выкладзеная ў інтэрв'ю DW прэс-сакратаром Саюза Петарам Стана. Сутнасць гэтай пазіцыі — што за рыторыку і нават за дробныя крокі па лібералізацыі ЭС ісці на саступкі Лукашэнку не збіраецца. Спадар Стана сфармуляваў гэта публічна, напэўна, непублічна гэтая пазіцыя да беларускіх уладаў была данесеная раней».