Колькі беларускага бізнэсу з’ехала ў Еўрасаюз?

Эканамісты Офіса Святланы Ціханоўскай (ОСЦ) і Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) ацанілі маштаб пераезду беларускага бізнэсу ў Еўразвяз. У самой Беларусі колькасць бізнэсу скарачаецца, але хутка расце колькасць кампаніяў з беларускім капіталам, беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў і стартапаў за мяжой.

17.09.2022 / 18:04

У студзені-чэрвені 2022 года ў Беларусі зачыніліся 5779 малых і сярэдніх бізнэсаў і індывідуальных прадпрымальнікаў (-1,6%).

Знікненне бізнэсу пачалося ў сакавіку 2021 года, з таго часу ў Беларусі знікла 9353 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу і індывідуальных прадпрымальнікаў (-2,5%). Для параўнання за ўвесь 2020 год іх колькасць вырасла на 10265 (+2,8%).

Скарачэнне бізнэс-актыўнасці ў Беларусі можа мець нават большы маштаб, паколькі з-за складанага працэсу ліквідацыі фірмы ў Беларусі часта не ліквідуюцца, а застаюцца без фактычнай дзейнасці або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі працяглы час.

Паводле ацэнак спецыялістаў эканамічнай каманды ОСЦ і АВВА болей за 2000 кампаній было зарэгістравана ў Еўрапейскім саюзе са жніўня 2020 г. да канца чэрвеня 2022 г., з якіх больш за палову былі звязаныя з поўнай або частковай рэлакацыяй бізнэсу з Беларусі ў ЕС. Пераважная колькасць новых кампаній (1639, або 80%) былі зарэгістраваныя ў Польшчы, каля 200 (10%) з’явілася ў Літве, яшчэ 10% — у іншых краінах Еўрасаюза. Беларускія прадпрыемствы ў ЕС — гэта пераважна малы і сярэдні бізнэс, які займаецца паслугамі.

Вайна ва Украіне і новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі прыспешылі працэс адтоку бізнэсу і прадпрымальнікаў, таму колькасць беларускага бізнэсу ў ЕС працягвае імкліва расці ў 2022 годзе. Толькі ў чэрвені колькасць новазарэгістраваных бізнэсаў з беларускім капіталам у Польшчы склала 254 кампаніі.

Рэлакацыя не заўсёды адбываецца як пераезд існай кампаніі. Часта гэта міграцыя індывідуальных прадпрымальнікаў, якія замарозілі або зачынілі свае бізнэсы ў Беларусі і ствараюць новыя бізнэсы ў краінах ЕС, а таксама пераезд стартапаў на розных этапах развіцця.

Эканамісты ацанілі, што колькасць беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў і стартапаў з беларускімі каранямі ў ЕС са жніўня 2020 г. па чэрвень 2022 г. павялічылася на каля 2000 адзінак.

Такім чынам, са жніўня 2020 г. па чэрвень 2022 г. сукупны патэнцыял дзелавой супольнасці Беларусі ў ЕС павялічыўся на прыкладна 4000 адзінак рознага маштабу і арганізацыйна-прававой формы. Наколькі гэта шмат? Калі параўнаць з агульнай колькасцю прыватных фірмаў і прадпрымальнікаў, што дзейнічаюць у Беларусі, то гэта зусім мала, каля 1%. Беларускі бюджэт пакуль не адчувае страту ад тых, хто з’ехаў, бо і прадпрымальнікі, і малыя, і сярэднія фірмы сёлета за паўгода заплацілі столькі ж падаткаў, як і год таму. А агулам у 2021 годзе яны заплацілі падаткаў нават болей, чым у 2020 годзе.

Праблема ў тым, што тэмп росту колькасці беларускага бізнэсу ў ЕС застаецца высокім, то-бок за ўвесь 2022 год колькасць беларускіх кампаній і прадпрымальнікаў у Еўропе істотна вырасце. Насцярожвае таксама тое, што разам з рэлакацыяй бізнэсу з Беларусі з’язджаюць высокакваліфікаваныя працаўнікі, адметныя прафесіяналы, менеджары ды ўласнікі бізнэсу.

Эфекты адтоку кадраў Беларусь адчуе з часам, між іншым і праз памяншэнне прыватных інвестыцый і памяншэнне інавацыйных тавараў са знакам «Зроблена ў Беларусі».

Затрымалі мінскага бізнэсоўца — уладальніка клуба «Мулен Руж»

Мінздароўя прыпыніла дзейнасць мінскай клінікі «Мерсі», якая лічылася праўладным бізнэсам

Пачула заклік уладаў і паехала падымаць малую радзіму. Цяпер звяртаецца да Лукашэнкі, бо да астатніх ужо звярталася

Nashaniva.com