Максіма Галкіна прызналі «іншаагентам». Ён адрэагаваў у інстаграме
Мінюст Расіі ўключыў папулярнага артыста, які выступіў супраць вайны і з'ехаў з краіны, у спіс «іншаагентаў». Галкін на гэта адрэагаваў допісам у інстаграме.
17.09.2022 / 14:57
«Напэўна, вы ў курсе, дарагія сябры, што Мінюст РФ прызнаў мяне «іншаземным агентам». Абгрунтаваннем гэтага рашэння было тое, што я нібыта атрымліваў грашовыя сродкі з Украіны, на якія ажыццяўляў палітычную дзейнасць.
Па-першае, я не займаюся палітычнай дзейнасцю. Са сцэны, на сваіх канцэртах я займаюся гумарыстычным жанрам, палітычнай сатырай. Займаюся гэтым ужо 28 год. Пачынаў, адпаведна, яшчэ пры Барысе Мікалаевічу Ельцыне, што і працягваю рабіць.
Калі я звяртаюся да сваіх падпісчыкаў ці гледачоў па-за жанрам, як грамадзянін, як чалавек, я гэта раблю абсалютна шчыра. Шчыра і застаючыся сумленным перад самім сабой.
Міністэрства юстыцыі, шчырасць і сумленнасць не аплачваецца ў прыстойных людзей, да якіх я, спадзяюся, належу. Я не прадаю сваё меркаванне ды свае думкі і не купляю чужыя. Я гандлем сумленнем не займаюся.
Што да Украіны, то некалі, гадоў 10 таму, калі я там даваў канцэрты, я грошы атрымліваў. Але ўжо шмат гадоў ні капейкі з Украіны я не атрымліваю.
Таму, вядома, нагода надуманая. Чаму гэта адбываецца, я не ведаю. Якія мэты пераследуюцца, я не ведаю. Ад жанру гумару і сатыры я адмаўляцца ва ўгоду палітычнай кан'юнктуры не буду. Я як раней жартаваў з нашых палітыкаў, так і буду працягваць жартаваць. І лічу гэта нармальным і маімі правам на працу.
Гэтак жа, як і ў мяне ёсць права на свабоду слова, замацаванае ў Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі, якую, мусіць, міністэрства юстыцыі таксама павінна ахоўваць. Гэтую нашу канстытуцыю, дзе свабода слова запісана як спрадвечнае права кожнага грамадзяніна. 29-ы, па-мойму, артыкул. Ну, вам лепш відаць.
Таму: іншаагент дык іншаагент. Я да іншаагентаў сябе не адношу».
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну Максім Галкін неаднаразова выказваўся супраць вайны. У пачатку верасня прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў сказаў, што Галкін рабіў «вельмі дрэнныя заявы» і што «яму відавочна з намі не па дарозе».