«Рэйкаваму партызану» з Віцебска прысудзілі 15 гадоў
Віцебскім абласным судом 16 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе аб «наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці» і аб «падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму і наўмыснаым прывядзенні ў непрыдатны стан сродкаў сувязі». Абвінавачаны — палітвязень Сяргей Канавалаў. Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў, піша «Вясна».
16.09.2022 / 18:09
Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Ён быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за «падрыхтоўку акту тэрарызму».
Па версіі МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. 7 ліпеня КДБ унёс Сяргея ў «спіс тэрарыстаў».
Судовы працэс распачаўся 24 жніўня ў закрытым рэжыме, таму акалічнасці справы пакуль невядомыя.
Вядома толькі, што Сяргей Канавалаў прызнаны вінаватым у «наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці», «падрыхтоўцы да здзяйснення іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў і іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, запалохвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акта тэрарызму), учыненых групай асоб» і «падрыхтоўцы да наўмыснага прывядзення ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў сувязі, калі гэтыя дзеянні маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю альбо іншыя цяжкія наступствы».
За ўсё гэта суддзя Буруноў прысудзіў Канавалаву 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама даў яму штраф у памеры 300 базавых велічыняў.