Сцяпана Латыпава на два гады пераводзяць на турэмны рэжым
У судзе Івацэвіцкага раёна 15 верасня адбыўся суд па замене палітвязню Сцяпану Латыпаву пакарання на больш жорсткае. Вядома, што адміністрацыя калоніі патрабавала, каб Сцяпана перавялі ў турму на тры гады, але суддзя Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці яго на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. Хутка палітвязня этапуюць у турму, піша «Вясна».
15.09.2022 / 20:26
На пасяджэнні, акрамя суддзі, пракуроркі і супрацоўніка папраўчай калоніі, прысутнічаў і прадстаўнік Івацэвіцкага райвыканкама ў якасці назіральніка. Пры гэтым суд заслухоўваў ягонае меркаванне па кожным пытанні. Сцяпан адразу хадайнічаў, каб на працэсе ў якасці сведак выступілі начальнік прамысловай зоны і намеснік начальніка калоніі Свірыд, але суд адмовіў.
Нядаўна стала вядома, што Латыпаў у ліпені на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. За гэта ён атрымаў 17 сутак у штрафным ізалятары.
Сцяпан Латыпаў асуджаны лукашэнкаўскім судом да 8,5 гадоў зняволення.