Торгаецца павека? Тлумачым, што значыць гэты сімптом
Торганне павека — непрыемны сімптом, ён нават пужае. Між тым прычыны яго могуць быць розныя. У некаторых выпадках гэта можа быць праявай сур'ёзнай хваробы, але ў большасці не мае ніякіх наступстваў.
09.09.2022 / 17:29
Фота: pixabay.com
Паторгванне павека рэдка ўказвае на нейкую сур’ёзную хваробу, запэўнівае New York Times.
Часцей за ўсё спазмы павека прадстаўляюць сабой серыю скарачэнняў мускулаў пад назвай міякімія века. Гэта стан, падчас якога адбываюцца міжвольныя перыядычныя скарачэнні века, звычайна ніжняга. Міякімія закранае адначасова толькі адно вока, бо паторгванне ўзнікае ў мускуле, які атачае вока, а не ў нерве, які кантралюе працэс маргання. Гэты нерв пасылае адзін і той жа сігнал адначасова двум вачам.
Спазмы павека могуць доўжыцца розны час — ад гадзін да дзён і нават месяцаў. Калі паторгванні працягваюцца вельмі доўга або да іх дадаюцца новыя сімптомы, лепей наведаць афтальмолага і праверыцца на дадатковыя хваробы.
Калі паторгванні распаўсюджваюцца на іншыя мускулы твару або калі абодва вокі торгаюцца адначасова, гэта можа сведчыць пра сур’ёзнейшую праблему. Іншыя небяспечныя сімптомы — гэта апушчэнне павека ці пачырваненне вачэй. Але калі торгаецца толькі адно павека, хутчэй за ўсё, гэта не сведчыць ні пра што сур’ёзнае.
Чаму торгаецца павека
Ніхто дакладна не ведае, адкуль узнікае такі сімптом. Часам гэта бывае праз невялікае раздражненне, напрыклад, праз нашэнне кантактнай лінзы, якая можа церціся аб павека. Але часцей за ўсё паторгванне выклікаюць стрэс, недасыпанне або занадта вялікае спажыванне кафеіну. Калі вы праводзіце шмат часу за камп’ютарам, у вас можа развіцца сухасць вачэй, якая таксама спрыяе паторгванню.
Калі міякімія ўжо з’явілася, хутка яе не вылечыць, але ёсць спосабы, як палепшыць свой стан. Вам могуць дапамагчы любыя кроплі, якія ўвільгатняюць вока. Таксама паспрабуйце накрыць вочы перад сном вільготнай цёплай сурвэткай — гэта дапаможа расслабіць мускулы вачэй, будзе спрыяць іх увільгатненню і запаволіць выпарэнне слёз.
Акрамя гэтага, варта больш адпачываць і пастарацца знізіць колькасць стрэсавых сітуацый, у якія вы трапляеце.
Можа дапамагчы зніжэнне колькасці кафеіну — дазваляйце сабе не больш за 1—2 кубкі кавы штодзень.
Таксама важна піць дастаткова вады і мець збалансаваны рацыён. Уключайце ў яго прадукты з высокай колькасцю калію (гарошак, бульба і бананы), магнію (зялёная ліставая гародніна, фасоля, арэхі і рыба) і кальцыю (малочныя прадукты, сардзіны і цёмная ліставая зеляніна). Недахоп гэтых рэчываў можа прывесці да торганняў павека.
Дактары кажуць, што міякімія павека звычайна праходзіць сама сабою, і медыцынская дапамога для гэтага непатрэбная. Для большасці пацыентаў лячэнне міякіміі ўключае ў сябе проста адпачынак, меры па зніжэнні стрэсу, увільгатненне вока і трошкі цярпення.