«Вызваленне часова захопленых тэрыторый». Пачаліся вучэнні Узброеных сіл Беларусі
Вучэнні працягнуцца да 14 верасня і пройдуць на трох участках мясцовасці.
08.09.2022 / 08:23
Фота Мінабароны
Камандна-штабныя вучэнні, як паведамляе Мінабароны, праводзяцца ў адпаведнасці з планам і пад кіраўніцтвам начальніка Генштаба Узброеных сіл.
Галоўная мэта — «навучанне органаў ваеннага кіравання Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў Рэспублікі Беларусь бесперапыннаму кіраванню сіламі і сродкамі пры выкананні задач па прызначэнні».
Для адпрацоўкі практычных дзеянняў войскаў (сіл) задзейнічаныя: палігон «Брэсцкі»; участкі мясцовасці ў Мінскай і Віцебскай абласцях.
Мінабароны паведамляе, што запрошаныя для ўдзелу ў назіранні за актыўнай фазай вучэнняў прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных краін.
Вучэнні дазволяць на практыцы адпрацаваць наступныя пытанні:
— вядзенне баявых (спецыяльных) дзеянняў па вызваленні тэрыторыі, часова захопленай праціўнікам;
— аднаўленне кантролю над дзяржаўнай мяжой у зонах (палосах) адказнасці аб'яднанняў;
— авіяцыйная падтрымка войскаў;
— забеспячэнне сілавых мер ваеннага становішча, барацьба з дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка і незаконнымі ваеннымі фармаваннямі.
Занепакоенасць гэтымі вучэннямі выказалі ва Украіне. У Генштабе УСУ 1 верасня паведамілі, што асаблівасцю вучэння з'яўляецца тое, што ўпершыню адпрацоўваецца пытанне вызвалення часова акупаваных тэрыторый, правядзення контрнаступлення і выхад на дзяржаўную мяжу. Там не выключылі, што «пад так званай страчанай тэрыторыяй маюцца на ўвазе памежныя раёны Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей».