«Пяць дзён пасля катастрофы» — серыял пра тое, як дзяржава не выратавала падчас катаклізму
17 гадоў таму адбыўся ўраган «Катрына» — самы разбуральны ў гісторыі ЗША, падчас якога загінула амаль дзве тысячы чалавек. У цэнтры яго быў горад Нью-Арлеан, дзе ўсе экстраныя службы (у тым ліку і медыкі) працавалі на мяжы сваіх магчымасцей. Новы серыял «Пяць дзён пасля катастрофы» (Five Days at Memorial) ад сервіса Apple TV+ пакажа вам тую гісторыю знутры.
10.09.2022 / 17:58
Фота: Apple TV+
Першыя пяць эпізодаў серыяла прысвечаныя кожнаму з пяці дзён таго перыяду. Дадатковыя тры расказваюць пра наступствы ўрагану і асноўных дзейных асоб таго часу: ад дактароў, якія былі вымушаныя пакінуць сваіх пацыентаў і часам нават усыпіць іх, да тых, хто расследуе тыя падзеі і шукае вінаватых, піша CNN.
Дзеянне серыяла, заснаванага на кнізе лаўрэаткі Пулітцэраўскай прэміі Шэры Фінк, адбываецца ў адным з ньюарлеанскіх шпіталей. Мы бачым людзей, якія застаюцца сам-насам са стыхіяй, і з часам ружовыя прагнозы на тое, што выпрабаванне катастрофай будзе лёгка пройдзенае, змяняюцца на адчуванне безнадзейнасці, якое праз экран адчуеце і вы.
Спачатку медыкам кажуць, што яны прабудуць у шпіталі толькі некалькі дзён, а потым усіх эвакуіруюць, але час ідзе і добрых варыянтаў выратавання няма. Самых цяжкіх пацыентаў проста так не вынесці з бальніцы, але чыноўнікі адмовіліся пакідаць у шпіталі хоць каго-небудзь. Як звыкнуцца з думкай пра тое, што нехта з пацыентаў будзе вымушаны пакутаваць ці паміраць у адзіноце?
Стваральнікі серыяла шырока выкарыстоўваюць рэальныя кадры таго часу і ярка перадаюць ключавыя моманты — напрыклад, той, калі з дапамогай каляровых павязак медыкі вызначаюць, хто з пацыентаў будзе жыць, а хто — паміраць. Звычайныя людзі часам паводзяць сябе ў крызісныя часы так, як немагчыма было ўявіць.
Гэты серыял — не проста фільм-катастрофа, а яшчэ і магчымасць пашукаць адказы на цяжкія пытанні пра тое, як бы вы дзейнічалі і як далёка пайшлі б у такіх абставінах. Як выразіўся адзін з медыкаў у гутарцы са следчым: усяго пяць дзён, і ўсё развалілася.
Рэйтынгі на вялікіх сусветных рэсурсах:
IMDB — 8,1/10
Rotten Tomatoes — 90%