Хто адцэнзураваў Уладзіміра Караткевіча?
Збор твораў любімага народам класіка — усё ж не авечая чарада, якую можа стрыгчы нажніцамі хто захоча і калі яму ўздумаецца, абураецца ў «Народнай волі» паэт і літаратурны крытык Міхась Скобла, прагледзеўшы чарговыя тамы са збору твораў Уладзіміра Караткевіча.
06.09.2022 / 21:52
Мудры чалавек Янка Брыль неяк заўважыў, што поўны збор твораў для пісьменніка — як пасмяротнае пакаранне. Меў ён рацыю ці не? Адназначна і не адкажаш. Калі ўзяць у рукі і пачытаць кампактна выдадзены трохтомнік Максіма Багдановіча, то з брылёўскім меркаваннем наўрад ці можна пагадзіцца — усё там складна і ладна, пачынаючы ад вершаў-шэдэўраў і заканчваючы перапіскай. А калі пагартаць, напрыклад, Збор твораў у 13-ці тамах Максіма Танка, куды ўкладальнікі панаўпіхвалі дакладаў і выступленняў таварыша Яўгена Скурко на розных з’ездах і пленумах, то сапраўды разумееш: такі збор — яўна не падарунак аўтару.
Чым больш тамоў у выніковым зборы, тым цяжэй пісьменніку здаць іспыт перад вечнасцю. Да нядаўняга часу самым шматтомным быў у нас Якуб Колас са сваім 20-томнікам, на які папрацавалі некалькі пакаленняў коласазнаўцаў. І папрацавалі, трэба прызнаць, годна. Але мінуў час, і шаноўнаму дзядзьку Якубу прыйшла пара пасунуцца на акадэмічнай паліцы — блізіцца да завяршэння выданне Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25-ці тамах.
Нядаўна ў «Мастацкай літаратуры» выйшлі ў свет 19-ты і 20-ты тамы, дзе сабрана эпісталярная спадчына самага пладавітага айчыннага класіка. У лістах — безліч маляўнічых жыццёвых абразкоў, карцінак калялітаратурнага (і не толькі) быцця. Каму пісаў Уладзімір Караткевіч? Сярод яго адрасатаў Якуб Колас і Кандрат Крапіва, Максім Танк і Янка Брыль, Максім Лужанін і Арсень Ліс, Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, польскі славіст Фларыян Няўважны і маскоўская мастацтвазнаўца Ніна Молева, у якую малады Караткевіч быў па вушы закаханы…
Уладзімір Сымонавіч ведаў сабе цану, нездарма збіраўся пераўзысці Бальзака і напісаць статомную «чалавечую камедыю» — на беларускім матэрыяле (праўда, зазначаў, што для гэтага спатрэбіцца паўстагоддзя катаржнай працы). Але ён ніколі не самаўзвялічваўся і не дазваляў рабіць гэта сябрам, якія і ў лістах нярэдка любілі «пагуляць у класікі». На што Караткевіч іранічна адказваў: «Я акурат такі класік, як шляхціч з вёскі Кабылякі, пра якога кажуць — адна нага ў боце, а другая ў лапці».
Фантазёрам Караткевіч быў, як вядома, непераўзыдзеным. Дастаткова згадаць, што ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў татарскім войску былі баявыя… сланы. І ў пісьмах Уладзімір Сымонавіч дае волю фантазіі. Паглядзіце, як маляўніча ён апісвае польскаму сябру Фларыяну Няўважнаму (запрашаючы таго ў Беларусь) паводку ў Оршы: «Заліло ўсе нізкія вуліцы горада, па іх на чаўнах ездзяць, самы ў печы заплываюць, а свінні з гарышчаў глядзяць». Ну як тут не прыедзеш? І «сябра Флёрак» пакуе ў сумнай Варшаве чамадан.
Паважаючы, згодна з беларускай народнай традыцыяй, старэйшых, Караткевіч асабліва не шапкаваў перад літаратурнымі аксакаламі. Напрыклад, у лістах да Кандрата Крапівы, які папракнуў маладога аўтара ў архаічнасці мовы, чытаем: «Літаратурная мова чыстай і яснай склалася яшчэ ў «Тарасе на Парнасе» і вершах Багушэвіча. І калі хтось лічыць, што мая мова падобная да іхняй, — я гэтым магу толькі ганарыцца». Наўрад ці такія павучанні маглі спадабацца акадэміку мовазнаўства, які ўрэшце параіў яршыстаму маладзёну не вершы пісаць, а камяні для брукаванак молатам біць.
У той жа час Караткевіч прызнаваў, што асобныя пласты мовы ведае дрэнна, напытваў у Максіма Танка талковы батанічны слоўнік. І калі ўрэшце такі слоўнік, складзены Зоськай Верас, знайшоўся, пісьменнік не паленаваўся ўласнаручна перапісаць яго, а складальніцы адправіў падзячны ліст са словамі «Вы наш батанічны бог!»
Адзін з караткевічаўскіх адрасатаў Юрый Гальперын (захаваў ажно 88 лістоў) быў інжынерам-будаўніком і неяк даслаў сябру праект палаца з радкамі Маякоўскага на франтоне. У адказ атрымаў станоўчы водгук з адной прынцыповай заўвагай. На франтоне Караткевіч параіў выкласці мазаікай радкі Пімена Панчанкі: «Пакуль сонца не згасне, пакуль свецяцца зоры, / Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!». Шкада, што гэткі палац у Мінску так і не з’явіўся.
Зразумела, сабраць эпісталярную спадчыну Уладзіміра Караткевіча было няпроста. Амаль усіх адрасатаў ужо няма на гэтым свеце, іхнія архівы зберагаюцца ў дзяржаўных сховішчах Кіева, Львова, Рыгі, Варшавы, Масквы, Мінска, Оршы, ці пыляцца недзе на забытых сямейных антрэсолях. Трэба было іх выявіць, знайсці спадчыннікаў. Праца зроблена вялікая. І за гэта я ўкладальнікам эпісталярнага двухтомніка быў гатовы, як кажуць, і за гарою пакланіцца. Каб не адно «але».
З падрыхтаванага да друку 20-га тома па чыімсьці распараджэнні былі выкінутыя 13 лістоў Караткевіча да Ларысы Геніюш. Тыя лісты ў свой час я ўласнаручна перадаваў ініцыятару выдання Анатолю Вераб’ю (першапублікацыя — часопіс «Дзеяслоў», 2004, №13). Распараджэнне бязглуздае, бо само імя Геніюш і нават яе вершы, шчодра цытаваныя Караткевічам, у кнізе засталіся. Засталося ў адным з лістоў і гэткае выказванне: «В высшей степени чистая и страстная личность — какими только женщины могут изредка быть… Нам должно быть мучительно стыдно, мужикам, потому что в слабой оболочке этой женщины (Л. Геніюш — М.С.) живёт такой могучий дух, какого нам и почувствовать в себе не дано. Единственный мужчина среди нас, жалких тряпок».
Сяброўствам з Ларысай Геніюш Караткевіч вельмі даражыў, і Ларыса Антонаўна, надзвычай пераборлівая ў дружбе, адказвала яму ўзаемнасцю і толькі «сябру Валодзю» даверыла рэдагаванне сваёй першай на радзіме кнігі «Невадам з Нёмана» (назву, дарэчы, выбраў рэдактар). Яму ж у 1967 годзе паэтка дала на першую чытку і аўтабіяграфічны нарыс «Сто ранаў у сэрца». Прачытаўшы, Караткевіч напісаў у Зэльву: «Работа выключная. Па напалу і страсці, па стрыманасці інтанацыі, за якою — непрымірымасць. Але… не пусцяць, заразы. Час для сапраўднай Вашай біяграфіі яшчэ не прыйшоў. Але Вы яе пішыце — з разлікам на недалёкую будучыню». Так Уладзімір Сымонавіч падштурхоўваў Ларысу Геніюш да напісання знакамітай «Споведзі».
Чытачы спадзяюцца, што выкінутыя пісьмёны Караткевіча з’явяцца ў наступным томе (хоць у 21-м анансаваныя дзённікі і запісныя кніжкі). Калі гэтага не адбудзецца, то на выдавецтва ляжа ганебная пляма. Збор твораў любімага народам класіка — усё ж не авечая чарада, якую можа стрыгчы нажніцамі хто захоча і калі яму ўздумаецца.