94 гады на ўсіх — вынесены дзікі прысуд па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння»

Суд 6 верасня вынес прысуд праваабаронцы Марфе Рабковай і яшчэ дзевяці чалавекам.

06.09.2022 / 15:42

Суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Хрыпач прысудзіў наступныя турэмныя тэрміны дзесяці палітвязням, сярод якіх — праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова. 

— Аляксандр Францкевіч — 17 гадоў;

— Акіхіра Гаеўскі-Ханада — 16 гадоў;

— Марфа Рабкова — 15 гадоў;

— Аляксей Галаўко — 12 гадоў; 

— Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк — па 6 гадоў; 

— Андрэй Марач, Даніла Чуль — па 5 гадоў.

Хрыпач прысудзіў тыя ж тэрміны, якія прасіў пракурор.

Палітвязняў судзілі па 10 крымінальных артыкулах.

Закрыты суд па гэтай гучнай справе ішоў з красавіка, на лаве падсудных апынуліся дзесяць палітзняволеных — каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, палітзняволеныя актывісты анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Аляксандр Казлянка, Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Андрэй Марач, Даніла Чуль. Агулам, у гэтай справе фігуруюць 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы крымінальнай справы складаюць 160 тамоў.

Следства сцвярджае, што з 2005 па 2020 год неўстаноўленыя асобы пры ўдзеле 31-гадовага анархіста Аляксандра Францкевіча і 26-гадовай праваабаронцы Марфы Рабковай аб'ядналі «шэраг арганізаваных злачынных груп»: «Рэвалюцыйнае дзеянне», «Народная самаабарона» і «Революційна дія». Гэтыя аб'яднанні, па версіі следства, увайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» у якасці яе структурных падраздзяленняў. Францкевіч і Рабкова нібыта, як сцвярджае следства, былі арганізатарамі падпалу падатковай інспекцыі Гомельскага раёна ў сакавіку 2017 года з выкарыстаннем «кактэйляў Молатава».

Nashaniva.com