У Мінску лукашысты змусілі будаўніка ў наручніках несці з сабой дзверы ад халадзільніка
На галаву затрыманаму надзелі каску, на якую наляпілі Пагоню. У віну яму ставяць анархісцкія і панкаўскія погляды. Затрыманага зваць Віктар Жаркевіч, ён вядомы таксама як музыка панк-гуртоў.
06.09.2022 / 10:38
На відэа сілавікоў мінчук Віктар Жаркевіч трымае ў руках дзверы ад халадзільніка, залепленыя пратэснымі стыкерамі — з бчб-сцягамі і з анархісцкімі лозунгамі. На галаву мужчыны апранутая чырвоная каска з Пагоняй, рукі — у кайданках. Дзверы халадзільніка мужчыну змусілі самога цягнуць да аддзялення.
Канвой на кароткім відэа апрануты ў спартыўныя касцюмы, кепкі, а твары схаваў пад маскамі, з-пад якіх відаць толькі вочы і нос. Ствараецца ўражанне, што канвой сам саромеецца сваёй ролі ў гэтым.
Канцэрт гурта Hate to State, канец 90-х. Мао з мікрафонам.
Віктару «Мао» Жаркевічу 49 гадоў, і ён вядомы як адзін з найстарэйшых беларускіх панкаў. Ён захапіўся панк-рокам на стыку 80-х і 90-х, а ў пачатку 90-х паехаў у Германію і жыў там на панкаўскім сквоце.
Пасля вяртання ў Мінск «Мао» стаў адным з заснавальнікаў і вакалістам вядомага сярод панк-руху гурта Hate to State, які заснавалі ў 1997 годзе.
Гэта адзін з першых мінскіх палітызаваных панк-гуртоў, які да таго ж граў у стылі «краст-панк» (сумесь класічнага хардкора з металам і іншымі стылямі). Гурт праіснаваў да 2000 года, а апошні канцэрт яны гралі разам з гуртом «Правакацыя», у якім быў вакалістам Альгерд Бахарэвіч.
Афіша фестывалю «Раздавім фашысцкую гадзіну», канец 90-х. Разам з Hate to State выступае гарадзенскі гурт Deviation, у якім вакалістам быў Стас Пачобут, брат палітвязня Анджэя Пачобута.
Віктар працаваў на «простых» працах — у асноўным, разнарабочым і будаўніком. Імаверна, адтуль і ягоная каска, якую сілавікі змусілі апрануць на галаву.
У лукашысцкіх каналах мужчыну шаблонна абвінавачваюць у крытычных выказваннях у інтэрнэце, а таксама ў анархісцкіх поглядах.
Пішуць, што музыку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.