Завод «БелДжы» плануе выпусціць да канца года 12 тысяч аўтамабіляў

Пра гэта ў інтэрв'ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Пятро Пархомчык. Ён нагадаў, што з верасня завод пачынае працаваць на поўную магутнасць.

04.09.2022 / 21:43

Фота: gp.by

«Думаю, што ўсе спажыўцы, якія захочуць набыць легкавы аўтамабіль маркі «БелДжы», будуць задаволеныя. Плануем за астатнія месяцы вырабіць каля 12 тысяч аўтамабіляў. У прынцыпе, у грашовым выражэнні мы выйдзем на той жа аб'ём, які зрабілі ў мінулым годзе. Калектыў працуе, своечасова атрымлівае заработную плату. Ну і асноўныя пытанні, я лічу, што вырашаныя», — заявіў віцэ-прэм'ер.

У канцы жніўня Пархомчык паведаміў, што заводу ўдалося вырашыць амаль усе пытанні з кітайскімі партнёрамі, хоць дагэтуль гаварылася, што выкананне вытворчых планаў пад пытаннем, бо не пастаўляюцца з-за санкцый неабходныя камплектуючыя. 

Nashaniva.com