«Канец эпохі імітацыі». Цыганкоў — пра верагодную адмену выбараў
Учора Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: ён шкадуе, што пры змене Канстытуцыі не адмянілі прамыя выбары, бо лепей было б, каб Усебеларускі народны сход выбіраў прэзідэнта, таму што выбары «ў той ці іншай ступені разгойдваюць сітуацыю». Журналіст Віталь Цыганкоў мяркуе, што гэтыя выказванні Лукашэнкі, магчыма, сведчаць пра канец эпохі — эпохі імітацыі.
31.08.2022 / 16:35
«Усе апошнія гадоў 25, пасля 1996-га, улада ў Беларусі была заклапочаная імітацыяй выбараў, імітацыяй існавання грамадзянскай супольнасці, імітацыяй існавання свабодаў і плюралізму. Дзеля гэтага ствараліся розныя структуры, арганізоўваліся складаныя спецаперацыі пад назвай «выбары», якія, аднак, нягледзячы на загадзя вядомы вынік, усё роўна станавіліся штуршком для народных пратэстаў», — піша Цыганкоў.
А 2020-ы, мяркуе аўтар, стаў настолькі магутным узрушэннем для псіхікі аднаго чалавека, што ён вырашыў: ніколі зноў, такое больш не паўтарыцца!
«Цяпер усё. Імітацыі дэмакратыі больш не будзе, імітацыі нейкіх сусветных правілаў, нейкіх «выбараў», нібыта ў нас «усё як у людзей» — не будзе. Афіцыйная Беларусь больш не прэтэндуе ўваходзіць у сямʼю сучасных народаў. Макей, які раней даказваў заходнім партнёрам, што «дайце нам час, не ўсё адразу, не прыспешвайце, мы паступова ідзём да вашых каштоўнасцяў, але не ўсё хутка робіцца» — цяпер, відаць, у сваіх лістах заходнікам будзе цытаваць Азаронка.
Нехта можа падумаць, што нават лукашыстам стане «няёмка» ад таго, што іх лідара цяпер не будуць «усенародна выбіраць». Бо яны ж гадамі тлумачылі сваю адданасць правадыру афіцыйнымі «вынікамі» выбараў. Але, думаю, людзям, якія засталіся «лукашыстамі» пасля жніўня 2020-га, ужо ўсё роўна», — піша Цыганкоў. Ён думае, што яны апраўдаюць усё, што б ні рабіў Лукашэнка.
Сярод многіх наступстваў гэтага магчымага кроку, адмовы ад выбараў, жураналіст выдзяляе наступнае.
«Цяпер нават фармальна і юрыдычна знікае любая магчымасць законнай, легальнай змены ўлады», — піша ён.