Газавы крызіс у Еўропе можа азначаць звышпрыбыткі для беларускіх шклозаводаў

Спроба Расіі ўдушыць Еўропу газам выклікае рост кошту еўрапейскай шклотары і адкрывае прывабныя перспектывы для беларускіх гутаў.

30.08.2022 / 10:06

Гута ў Гродне, вытворчая лінія. Скрыншот з відэа.

Еўрапейскія вытворцы шкла хочуць атрымліваць газ па субсідаваных цэнах у выпадку рэзкага росту цэн на яго гэтай зімой. Інакш бровары, вінярні і заводы алкагольных вырабаў могуць застацца без шкляной тары, піша The Wall Street Journal.

У панядзелак еўрапейскія ф'ючэрсы на эталонны газ дасягнулі рэкорду пасля таго, як стала вядома, што газаправод «Паўночны паток» паміж Расіяй і Германіяй будзе зачынены на трохдзённыя прафілактычныя працы.

Бізнэс-колы дапускаюць, што Масква будзе выдумляць новыя і новыя падставы для скарачэння паставак паліва ў Еўропу, змушаючы ўрады краін рэгіёна ўводзіць абмежаванні.

Сярод пацярпелых — кампаніі, якія вырабляюць напоі ў шкляной тары. У іх ёсць рэзервовыя планы для ўласных вытворчых працэсаў: піўныя кампаніі, якія выкарыстоўваюць газ для нагрэву вады ў працэсе піваварства, могуць часова перайсці на нафту. З пачатку лістапада кампанія Carlsberg зможа забяспечыць працу каля сарака сваіх еўрапейскіх піваварных заводаў на нафце.

Вырабляць дастатковую колькасць бутэлек можа быць складаней. Шкляная прамысловасць Еўропы ў значнай ступені залежыць ад газу, які выкарыстоўваецца для награвання печаў да 1400 градусаў Цэльсія, каб выплаўляць шкло.

Большасць гутаў нельга спыніць, бо печы зламаюцца, калі расплаўленае шкло застыне ўнутры іх, і менавіта таму яны працуюць бесперапынна на працягу 10—15 гадоў. Іх можна перавесці на «гарачае чаканне» — стан, пры якім матэрыял ўнутры застаецца вадкім, але гэта ўсё роўна патрабуе да 75% звычайнага спажывання газу пры адсутнасці выпуску шкла.

Нават умеранае скарачэнне не будзе ідэальным рашэннем. Скарачэнне спажывання газу на 15 адсоткаў, узровень, да якога павінны прыйсці краіны-члены ЕС, можа прывесці да падзення вытворчасці шкла больш чым удвая, па словах аднаго са спецыялістаў галіны.

Вытворцы шкла лабіруюць прыярытэтны доступ да газу і папярэджваюць ўрады, што адключэнне еўрапейскіх печаў і імпарт бутэлек знішчыць прамысловыя актывы рэгіёну. Але і іншыя галіны таксама патрабуюць асаблівага стаўлення. Кампаніі хімічнай і фармацэўтычнай прамысловасці даказваюць, што яны вырабляюць зыходныя матэрыялы для угнаенняў і лекаў, якія жыццёва важныя для харчовай і медыцынскай бяспекі рэгіёна.

У Еўропе ўжо адчуваецца недахоп бутэлек. Алкагольныя кампаніі змагаюцца за дастатковую колькасць паставак з тых часоў, як у рэгіёне зноў адкрыліся начныя ўстановы. Па меры таго як прадпрыемствы пераходзяць з пластыкавай тары на шкло праз экалагічныя патрабаванні, канкурэнцыя за бутэлькі ўзмацняецца.

Па даных Еўрапейскай федэрацыі шклатары, у 2021 годзе вытворчасць шкла павялічылася на 5 працэнтаў дзеля вялікага попыту, што больш чым у два разы перавышае сярэднія тэмпы росту галіны за апошняе дзесяцігоддзе.

Дынаміка вытворчасці шкла з 2016 па 2021 гады. Фота: The Wall Street Journal

Недахоп шкла абцяжарыць алкагольным кампаніям стварэнне запасаў бутэлек напярэдадні зімы. Найбуйнейшыя лікёра-гарэлачныя і піваварныя кампаніі, такія як Diageo і Heineken, імаверна, атрымаюць прыярытэтны доступ, бо яны кліенты прэміяльныя, але хутчэй за ўсё і яны будуць пераплочваць.

Па даных адной буйной алкагольнай кампаніі, сабекошт вытворчасці адной бутэлькі для віскі вырас з 30 цэнтаў год таму да прыкладна 45 цэнтаў сёння за кошт росту цэн на газ.

Шкляная тара складае чвэрць сабекошту прададзеных тавараў алкагольных кампаній.

Сітуацыя, што з коштам шкла паказвае, якімі непрадказальнымі могуць быць наступствы газавага крызісу, падсумоўвае «Уол-стрыт джорнал».

Рэзкі рост цэнаў на шкло можа прынесці звышпрыбыткі беларускім шклозаводам.

Узамен за палітычную залежнасць ад Масквы Беларусь атрымлівае прыродны газ у максімальнай колькасці па фіксаванай цане, якая на сёння ўжо прынамсі ў пяць разоў меншая, чым тыя, па якіх яго атрымліваюць еўрапейцы. Гэта робіць сабекошт беларускай шкляной тары нізкім. Калі беларускія прадпрыемствы будуць мець магчымасць продажу яго на еўрапейскім рынку, калі яны не будуць падпадаць пад санкцыі за саўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны, яны могуць азалаціцца на экспарце прадукцыі ў Еўрасаюз.

Чытайце яшчэ:

Еўрасаюз рыхтуе структурную рэформу рынку электраэнергіі

Нарвегія пасунула Расію з першага месца сярод пастаўшчыкоў газу ў Еўрасаюз

Цана на газ у Еўропе перавысіла 3200 даляраў

Nashaniva.com