ФСБ сцвярджае, што раскрыла забойства Дар’і Дугінай
Федэральная служба бяспекі абвінаваціла Украіну ў арганізацыі забойства Дар'і Дугінай у Падмаскоўі.
22.08.2022 / 14:17
Дар'я Дугіна
Як сцвярджае ФСБ, падрыў машыны з Дар'яй Дугінай быў «падрыхтаваны і здзейснены ўкраінскімі спецслужбамі».
Паводле ФСБ, выканаўцам з'яўляецца «грамадзянка Украіны Воўк Наталля Паўлаўна, 1979 г. н., якая прыбыла ў Расію 23 ліпеня 2022 года разам з дачкой Шабан Сафіяй Міхайлаўнай, 2010 г. н.».
Пасля здзяйснення злачынства Воўк разам з дачкой выехала праз Пскоўскую вобласць у Эстонію, гаворыцца ў паведамленні ФСБ.
«У мэтах арганізацыі забойства Дугінай і атрымання інфармацыі аб яе ладзе жыцця яны арандавалі кватэру ў Маскве ў доме, дзе пражывала загінулая», а для назірання выкарыстоўвалі аўтамашыну Mini Cooper, прычым з нумарамі ДНР, Казахстана і Украіны, у залежнасці ад сітуацыі.
«У дзень забойства Воўк і Шабан знаходзіліся на літаратурна-музычным фестывалі «Традыцыя», дзе Дугіна прысутнічала ў якасці ганаровага госця», — паведаміла ФСБ.
Нагадаем, што аўтамабіль Дугінай быў узарваны ўвечары ў суботу ў раёне пасёлка Вялікія Вязёмы Маскоўскай вобласці. Жанчына загінула на месцы. Па гэтым факце Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. У ведамстве адзначалі, што забойства носіць заказны характар.