Стала вядомае імя расіянкі, затрыманай на вайсковым заводзе ў Албаніі. Гэта блогерка з 250 тысячамі падпісчыкаў

На вайсковым заводзе ў Грамшы ў Албаніі ўчора былі затрыманыя, па інфармацыі СМІ, двое мужчын і адна жанчына.

21.08.2022 / 16:53

Затрыманая Святлана Цімафеева — блогерка, піша ABC News. Паводле яе слоў, яна робіць фота і відэа для публікацыі ў сацыяльных сетках. Цяпер дзяўчына і затрыманы з ёй 23-гадовы Міхаіл Зорын знаходзяцца пад следствам па падазрэнні ў шпіянажы. Пра гэта паведаміў міністр абароны Албаніі Ніка Пялешы.

Святлана вядомая ў Instagram пад нікам Lana Sator, на яе падпісаныя 253000 карыстальнікаў. Яна называе сябе фатографам, які здымае спадчыну ХХ стагоддзя і закінутыя будынкі.

Але, мяркуючы па ўсім, гэта не першы раз, калі 33-гадовую расіянку абвінавачваюць у шпіянажы. У паведамленні, зробленым год таму, яна зазначыла, што яе блог не спансуецца замежнай выведкай. Па словах Святланы, гэтай працай яна займаецца 15 гадоў.

Пры затрыманні падазроных людзей каля вайсковага завода былі параненыя два ахоўнікі. 

Сам завод, па словах кіраўніка Мінабароны краіны Ніка Пялешы, закансерваваны, там не вырабляюць зброю з 1992 года.

Nashaniva.com