Дачку Дугіна ўзарвалі, заклаўшы выбуховае прыстасаванне пад дно машыны
Першай версіяй здарэння быў выбух газавага балона, але цяпер расійскія следчыя схіляюцца да таго, што пад дном машыны спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне. Калі гэтая версія пацвердзіцца, то не выключана, што мэтай замаху быў сам Аляксандр Дугін.
21.08.2022 / 08:58
Дугін і яго дачка ўвечары 20 жніўня былі запрошаныя ў якасці ганаровых гасцей на фестываль «Традыцыя» ў падмаскоўнай сядзібе Захарава, дзе ідэолаг «рускага свету» выступіў з лекцыяй.
Мяркуецца, што менавіта там, на паркоўцы каля сядзібы, у аўтамабіль і было закладзенае выбуховае прыстасаванне. Але сам Дугін паехаў іншай машынай.
Дар'я Дугіна, якая загінула ў выніку замаху, цалкам падтрымлівала бацькаву ідэалогію і была яго правай рукой. Разам з ім яна выступала з лекцыямі па філасофіі і паліталогіі, працавала палітычным аглядальнікам заснаванага Дугіным Міжнароднага еўразійскага руху, пісала палітычныя артыкулы для пракрамлёўскіх СМІ пад псеўданімам Дар'я Платонава, выступала ў эфірах прапагандысцкіх каналаў. На яе былі распаўсюджаныя заходнія санкцыі.