Што паглядзець. «Пясочны чалавек» — адна з найлепшых фэнтэзі-саг гэтага года

Сёння прадстаўляем вам крыху змрочную, але захапляльную экранізацыю знакамітых коміксаў брытанца Ніла Геймана. «Пясочны чалавек» (The Sandman) ад Netflix атрымаўся серыялам з эмацыйнай глыбінёй, якую рэдка сустрэнеш у фэнтэзі-гісторыях. Гэтым ён зачэпіць як фанатаў першакрыніцы, так і тых, хто дагэтуль не ведаў творы Геймана.

20.08.2022 / 12:28

Фота: Netflix

Кіношнікам спатрэбілася 30 гадоў, каб адаптаваць да экрана «Пясочнага чалавека», і нездарма. Твор Геймана — вялікая і смелая гісторыя пра багоў і дэманаў, настолькі глыбокая і багатая, што цяжка ўявіць, як уціснуць яе ў 10 серый. Тым не менш, усё атрымалася, і «Пясочны чалавек» можа смела заняць сваё месца сярод сучасных мегабюджэтных блокбастэраў у жанры фэнтэзі, піша Guardian.

Серыял з першых хвілін пагружае вас ў свой свет. Дзеянне пачынаецца ў 1916 годзе, калі Лорд Морфеус (ён жа Сон, Пясочны чалавек ці Лорд Морфеус, сон вечных) памылкова трапляе ў пастку да злога чараўніка Радэрыка Бёрджэса. Той збіраўся захапіць Смерць, а не Сон, і выкарыстаць яе сілу, каб ажывіць любімага сына, забітага падчас вайны. Замест гэтага яму трапіўся Сон, і Бёрджэс знявольвае яго голага ў шкляной сферы ў сваім склепе.

На некаторы час можа падацца, што абстаноўка ў серыялы крыху змрочная, але неўзабаве вы пачнеце разумець: серыял занадта маштабны, каб прытрымлівацца адной эпохі ці жанру. На працягу ўсяго сюжэта час то запавольваецца, то ляціць вельмі хутка, і глядач пераскоквае праз розныя перыяды, гарады і царствы. Здаецца, схема складаная, але насамрэч яна працуе добра.

Часткова гэта звязана з тым, што ў асноўным дзеянне ў серыяле працякае спакойна. Пасля таго, як вас пазнаёмілі з асноўнымі элементамі гісторыі, вы атрымаеце столькі часу, колькі трэба, каб зразумець галоўныя падзеі. Камусьці з гледачоў спадабаюцца больш фантастычныя элементы «Пясочнага чалавека» — напрыклад, бітва з Люцыферам ці мілая міфічная істота, якую завуць Грэгары. Але ж камусьці будуць бліжэйшымі больш чалавечыя і эмацыйныя фрагменты серыяла, звязаныя з камунікацыяй паміж героямі.

«Пясочны чалавек» захапляе з самага пачатку. Гэта цікавы, яркі і, безумоўна, грандыёзны серыял, але перш за ўсё ён змрочны. У ім узрываюцца целы, адсякаюцца канечнасці, ды яшчэ і дэманы выпаўзаюць з вуснаў прафесійных футбалістаў. Але ўсе гэтыя сцэны суправаджае вялікая эмацыйная глыбіня, і таму «Пясочны чалавек» — дакладна адзін з лепшых серыялаў свайго жанру. Улічваючы першакрыніцу, гэта і не дзіўна. Таму «Пясочны чалавек» можа аказацца вартым як для тых, хто ведае коміксы ад Геймана, так і для пачаткоўцаў у гэтым сусвеце.

Рэйтынгі на вялікіх сусветных рэсурсах:

IMDB — 7,8/10

Rotten Tomatoes — 87%

Што паглядзець. «Змей у Эсэксе» — каханне, тайны і віктарыянскі настрой ад Клэр Дэйнс

Што паглядзець. «Чорная птушка» — захапляльная злавесная драма

Што паглядзець. «Усё паўсюль і адразу» — таленавітая і вясёлая фантастыка

Nashaniva.com