Навукоўцы высветлілі, што галюцынацыі могуць быць нармальнай з’явай

Калі вы бачыцце твары, якіх няма, або чуеце галасы, калі ніхто не размаўляе, то гэта не азначае, што вам трэба паклапаціцца пра свой псіхічны стан. Галюцынацыі сустракаюцца на дзіва часта: да 15 працэнтаў людзей часам адчуваюць пах, бачаць, адчуваюць або чуюць несапраўдныя рэчы. Даследаванне больш падрабязна прааналізавала паўсядзённыя галюцынацыі.

16.08.2022 / 13:39

«Ці бачу я прывідаў?» («Zie ik spoken?») — з такім дэвізам галандскія псіхолагі з Утрэхтскага ўніверсітэта некалькі гадоў таму правялі анлайн-апытанне. Шукалі асоб, якія ўжо адчувалі галюцынацыі.

Гэтая з'ява не такая ўжо рэдкая і закранае таксама і здаровых людзей, пішацца ў даследаванні, нядаўна апублікаваным у спецыялізаваным часопісе «Шызафрэнія», для якога былі прааналізаваныя сабраныя даныя. Паводле ацэнак, ад 6 да 15 адсоткаў насельніцтва час ад часу адчуваюць штосьці незвычайнае.

З верасня 2016 года па май 2017 года ў апытанні ўзялі ўдзел больш за 10,4 тысячы чалавек (амаль 70 працэнтаў — жанчыны) ва ўзросце ад 14 да 88 гадоў.

Звычайная з'ява

80 працэнтаў удзельнікаў бачылі галюцынацыі хаця б раз у жыцці, палова за апошні месяц і траціна за папярэдні тыдзень. Вядома, з гэтага нельга рабіць высновы пра насельніцтва агулам, падкрэсліваюць аўтары. Выбарка не была рэпрэзентатыўнай, і больш імаверна, што паўдзельнічаць вырашылі людзі, якія перажылі галюцынацыі. Тым не менш, ацэнка дала новае ўяўленне аб прыродзе такіх ілюзій.

Згодна з вынікамі, акустычныя галюцынацыі з'яўляюцца найбольш распаўсюджанымі: траціна мела такога роду галюцынацыі за апошні месяц. Добрая пятая частка паведаміла пра памылковае аптычнае ўспрыманне, крыху менш людзей выказалася, што сутыкаліся з галюцынацыямі, звязанымі з адчуваннямі і пахамі. Псіхолагі былі некалькі здзіўленыя тым, як шмат адказаў нагадваюць паталагічныя формы галюцынацый, напрыклад, тыя, ад якіх пакутуюць людзі з шызафрэніяй або нарказалежныя. Напрыклад, многія адчувалі мультысэнсарныя галюцынацыі, што характэрна для неўралагічных расстройстваў.

Галасы і цені

Аўтары даследавання пішуць, што асабліва варта адзначыць, наколькі разнастайнымі могуць быць галюцынацыі. Самыя распаўсюджаныя слыхавыя галюцынацыі — гэта галасы: адны чуюць, як хтосьці прамаўляе іх імя, іншыя — незразумелы шэпт або дзіцячы плач. Але таксама часта згадваліся гукі музыкі і рынгтоны тэлефона. Бачанне ценяў узначальвае спіс аптычных галюцынацый. Сярод нюхальных галюцынацый найбольш часта сустракаўся пах вогнішча. Пахі ежы, парфумы і кветак таксама даволі распаўсюджаныя.

Працягласць галюцынацый была рознай, часам у кагосьці яны доўжыліся ўсяго імгненне або некалькі секунд, іншыя паведамлялі, што яны доўжыліся некалькі хвілін. Такі досвед і з ім звязаныя перажыванні ў асноўным былі непрыемнымі, а для некаторых нават вельмі стрэсавымі, пішуць даследчыкі. Імаверна, існуе цэлы спектр сімптомаў: ад некаторых кароткачасовых перажыванняў да ярка выяўленага псіхозу.

Маментальная апрацоўка

Галюцынацыі звычайна тлумачацца тым, як працуе наш мозг: у ім адначасова апрацоўваюцца пачуццёвыя ўражанні з аднаго боку, і робяцца здагадкі аб убачаным або пачутым з іншага, што і прыводзіць да лжывых высноў, гаворыцца ў працы. Згодна з гэтай тэорыяй, галюцынацыі ўзнікаюць часцей, калі дадаюцца іншыя фактары, што пагаршаюць наша ўспрыманне рэчаіснасці. У цэлым, усе гэтыя галюцынацыі, імаверна, больш распаўсюджаныя, чым мяркуецца.

Nashaniva.com