Юрыя Шаўчука аштрафавалі па справе аб дыскрэдытацыі расійскай арміі

Савецкі раённы суд Уфы сёння разгледзеў пратакол аб «дыскрэдытацыі» расійскай арміі, складзены ў дачыненні да лідара рок-гурта ДДТ Юрыя Шаўчука і аштрафаваў музыку на 50 тысяч расійскіх рублёў (каля 2100 беларускіх).

16.08.2022 / 12:48

Пратакол у дачыненні да Шаўчука склалі пасля канцэрта ДДТ ва Уфе ў маі. Падчас выступу Шаўчук, у прыватнасці, выказаўся аб радзіме і прэзідэнце Расіі: «Радзіма, сябры, гэта не задніца прэзідэнта, якую трэба ўвесь час мусоліць, цалаваць. Радзіма — гэта бабуля-жабрачка на вакзале, што прадае бульбу. Вось гэта радзіма». Таксама ён казаў, што ў яго «страшна баліць душа» праз канфлікт ва Украіне. «Мы супраць вайны», — казаў тады музыкант.

Перад прысудам адвакат Шаўчука агучыў яго пазіцыю. Музыкант заявіў, што ён супраць любой вайны, у любой краіне і ў любыя часы.

Nashaniva.com