Валерый Цапкала вырашыў цкаваць нязгодных з ім журналістаў — пачаў са Змітра Лукашука
На канферэнцыі «Новая Беларусь» Вераніка Цапкала агучыла намеры стварыць камітэт кантролю за незалежнымі медыя. Сярод прэтэнзій — недастатковае асвятленне дзейнасці яе мужа. Але Валерый Цапкала, падобна, вырашыў не чакаць стварэння камітэта і проста стаў кпіць з журналістаў, з якімі нязгодны.
16.08.2022 / 09:19
Скрыншот: ютуб-канал Валерыя Цапкалы
«Галоўным ворагам» ён выбраў вядучага журналіста «Еўрарадыё» Змітра Лукашука.
У тэлеграм-канале былога кіраўніка ПВТ і ўдзельніка выбарчай кампаніі — 2020 сталі з'яўляцца пасты з высмейваннем вядучага стрымаў. Гэта допісы і самога Цапкалы, і малапапулярных сатырычных каналаў.
Цапкала называе журналіста Рыгорам Лукашуком (па аналогіі з Рыгорам Азаронкам), абвінавачваючы яго ў неаб'ектыўнасці і прапагандзе на карысць Лукашэнкі і Ціханоўскай.
Зміцер Лукашук ў пачатку жніўня браў інтэрв'ю і ў Валерыя Цапкалы. На пытанне, чым ён займаўся апошні год, палітык у першую чаргу адзначыў, што з пачатку вайны даў каля 30 інтэрв'ю ўкраінскім СМІ, запусціў сайт, збіраў грошы на арышт Лукашэнкі і прапанаваў яшчэ шэраг ініцыятыў, якія не былі шырока падтрыманы.
Нагадаем, на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні Вераніка Цапкала заявіла, што ў цяперашні момант група актывістаў, блізкая да штабу Цапкалы, робіць кантэнт-аналіз беларусіх недзяржаўных СМІ на прадмет згадак розных палітычных сіл. Калі акажацца, што ў асобным СМІ дамінуе пазіцыя толькі адной палітычнай плыні, то яна збіраецца напісаць лісты да кіраўнікоў заходніх дзяржаў і фондаў з патрабаваннем спыніць фінансаванне і падтрымку гэтага СМІ.