Аднавіць ратушу і Фару Вітаўта, выселіць турму. Якія змены прадуглежвае план гістарычнага цэнтра Гародні і наколькі ён рэалістычны

У пачатку жніўня быў апублікаваны дэталёвы план гістарычнага цэнтра Гародні і праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы. Так, да 2030 года хочуць аднавіць гарадскую ратушу, Фару Вітаўта і іншыя страчаныя славутасці горада. «Наша Ніва» прааналізавала праект разам з былым чыноўнікам гарвыканкама і мясцовым гісторыкам.

22.08.2022 / 08:31

Што плануюць?

Гістарычны цэнтр Гародні з'яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі.

Асноўнае, што плануюць зрабіць у горадзе да 2025 года:
— завяршыць рэстаўрацыю Старога замка;
— аднавіць будынак гарадской ратушы;
— адбудаваць некалькі гістарычных кварталаў;
— рэстаўраваць палац Чацвярцінскіх;
— аднавіць габрэйскі квартал.

Да 2030 года, згодна з планам, гістарычны цэнтр Гародні чакае шэраг іншых значных адбудоў, сярод якіх — аднаўленне Фары Вітаўта (пад канцэртную залу), Палаца Радзівілаў (у якасці гістарычна-музейнага копмплекса) і нават высяленне турмы №1. Апошнюю прапануюць перарабіць пад шматфункцыянальную выставачную прастору і гасцінічны комплекс з рэстаранам.

«Горад можа вярнуць сабе гісторыю магдэбургскага права і самы вялікі храм»

Палітык Аляксандр Мілінкевіч, які ў свой час быў намеснікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкама, называе добрым сам факт таго, што новы генплан прадугледжвае значныя працы па рэгенерацыі старой Гародні, у тым ліку адраджэнне страчаных у розныя часы помнікаў архітэктуры.

«Гэта дае надзею, паколькі гістарычны цэнтр горада значна пацярпеў у ваенныя часы, а яшчэ больш — у часы савецкай улады. Вельмі важна яго адраджаць, асабліва такія сімвалічныя аб’екты, як Фару Вітаўта і гарадскую ратушу. Калі гэта будзе зроблена, то наш горад стане яшчэ больш еўрапейскім і прыгожым, верне сабе сваю старадаўнюю гісторыю магдэбургскага права і самы вялікі храм. Горад стане яшчэ больш прывабным для турыстаў», — адзначае Мілінкевіч.

Разам з тым палітык звяртае ўвагу на тое, што сёння ў краіне недахоп майстроў, якія на прафесійнай навуковай аснове маглі б правесці складаныя працы па аднаўленні страчанай спадчыны.

«Для сучаснай навуковай рэстаўрацыі гістарычных помнікаў патрэбны комплексны падыход, спецыяльныя даследаванні — дакументальныя, археалагічныя, гістарычныя, інжынерныя. З гэтым у нас не кепска. Але ў Беларусі востра не хапае майстроў, якія б прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і стажыроўкі ў краінах, дзе захаваліся традыцыі рэстаўрацыі. Гэта спецыяльныя школы з традыцыяй тонкай работы, дзе ў аснове ляжыць мінімальнае ўмяшальніцтва пры аднаўленні помніка гісторыі з выкарыстаннем аўтэнтычных будаўнічых матэрыялаў.

Такой школы нам вельмі не хапае, хоць на пачатку існавання незалежнай Беларусі, напрыклад, у нас у Гародні былі добрыя рэстаўрацыйныя майстэрні з выдатнымі гісторыкамі, архітэктарамі, археолагамі і майстрамі, якіх мы як мясцовая ўлада стажыравалі ў лепшых майстроў-рэстаўратараў у Францыі і Польшчы. Гэта ўсё было на пачатку 1990-х, але потым, на жаль, было зліквідавана», — адзначае былы намеснік старшыні гарвыканкама.

Аляксандр Мілінкевіч. У 1990-1996 гадах быў намеснікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкама.

Каб зноў адрадзіць такую школу кадраў, на думку Мілінкевіча, павінна карэнным чынам змяніцца палітычная сітуацыя ў краіне, бо для гэтага неабходна аднаўляць сувязі з Захадам. Перш за ўсё з Польшчай, якая, па ягоных словах, мае адну з найлепшых традыцый рэстаўрацыі. Патрэбна і іншае стаўленне да беларускай гісторыі і культуры.

«Я ведаю, што палякі нам могуць дапамагчы: навукова, кадрамі і ў тым ліку фінансава. У нас агульная шматвяковая гісторыя, гэта таксама важны эмацыянальны складнік для супрацы. У 90-я ў гэтых справах Гародні актыўна дапамагалі нават французы. У нас былі добрыя адносіны з Ліможам (французскі горад-пабрацім Гародні), мы наладзілі праз іх супрацу з рэстаўрацыйнымі фірмамі цэнтральнай Францыі.

Да нас прыязджаў нават галоўны дзяржаўны рэстаўратар гэтай краіны, ён вывучаў Каложу, ад якой быў у захапленні, і даваў парады, як яе рэстаўраваць. Часы тады былі небагатыя, у бюджэце горада не хапала грошай, і французы ўзялі на сябе куратарства над унікальным храмам ХІІ стагоддзя, разам з намі яны напісалі праект у ЮНЭСКА. Ён быў падтрыманы і пачаліся падрыхтоўчыя працы па навуковай рэстаўрацыі Каложы. Калі б не палітычныя змены, мы сёння мелі б сваю школу еўрапейскай рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры».

У бягучай сітуацыі важна кансультавацца з замежнымі спецыялістамі.

Якімі могуць быць адноўленая ратуша і Фара Вітаўта?

Гаворачы пра ратушу, палітык разважае, што асабіста ён марыў бы, каб яна была адноўлена не ў класічным стылі канца ХVIII стагоддзя, а ў яе першасным рэнесансным варыянце канца XV — XVI стагоддзяў.

Першая гарадзенская ратуша. Малюнак: Уладзімір Кіслы.

«Нам вядома, як яна тады выглядала, плюс ёсць аналагі ў Еўропе, магчыма, пры археалагічных даследваннях на Савецкай (Ратушнай) плошчы мы знойдзем фундаменты першай ратушы, таму, на маю думку, шанцы ёсць. Канешне, гэта мая мара, эмацыйнае жаданне, на справе такія рашэнні павінны прымаць навукоўцы, гісторыкі і архітэктары пасля правядзення грунтоўных даследаванняў і грамадскіх дыскусій.

Увогуле заходняя частка сучаснай плошчы Савецкай была суцэльнай гістарычнай забудовай. Калі зняць грунт у скверы, што ідзе аж да танка і зрабіць археалагічныя даследаванні, то мы там убачым фундаменты і падвалы большасці камяніц, якія стаялі на гэтым месцы».

Аляксандр Мілінкевіч звяртае ўвагу на той факт, што хоць у савецкіх кнігах пра Гародню і пісалі, што ратуша была зруйнавана немцамі, ёсць здымкі 1946 года, на якіх бачна, што ратуша яшчэ цэлая стаяла на плошчы. Яе знішчылі будаўнікі новага жыцця, якія праз 15 гадоў узарвуць і славутую Фару Вітаўта.

На фота руіны Фары Вітаўта. Храм быў ўзарваны савецкімі ўладамі 29 лістапада 1961 года.

«Будынак ратушы проста не ўпісваўся ў бальшавісцкую канцэпцыю «светлай будучыні».

Вядома, што паводле пасляваеннага генеральнага плана развіцця горада на месцы ратушы мусіў паўстаць велізарны Дом Саветаў, які задавіў бы сваімі памерамі адразу два храмы, што стаялі адзін насупраць другога. Гэты дом савецкай улады павінен быў задушыць і «нікому не патрэбную» рэлігію. Ён мусіў прадэманстраваць, што начальнікі з гэтага мясцовага хмарачоса вышэйшыя за Бога».

Цяпер жа плануецца аднавіць Фару Вітаўта і выкарыстоўваць яе ў якасці канцэртнай залы. На думку Мілінкевіча, такое рашэнне ўладаў можна назваць кампрамісным, але яно патрабуе адкрытага грамадскага абмеркавання і згоды каталіцкіх іерархаў, бо гэта гістарычна першы каталіцкі касцёл горада і адзін з першых у краіне.

«Фара — гэта гістарычна адна з галоўных гарадскіх дамінантаў, вельмі важная для сілуэта горада, яе адраджэнне было б сімвалам аднаўлення справядлівасці, таму рашэнне вярнуць Фару на месца, дзе яна паўстала напрыканцы XIV стагоддзя, стане вялікай перамогай дабра над злом».

Фара Вітаўта

Мілінкевіч згадвае, што дыскусіі пра яе аднаўленне ішлі яшчэ падчас ягонай працы ў выканкаме 30 гадоў таму. Нават былі зроблены археалагічныя даследаванні, па выніках якіх высветлілася, што падмурак храма і падвалы знаходзяцца ў ідэальным стане.

«Дзякуючы фундаментам магутнага касцёла, якія добра захаваліся, сапраўды ёсць магчымасць аднавіць храм, падмуркі якога будуць аўтэнтычнымі. У 90-я перад этапам пошуку фінансавання праводзіліся кансультацыі разам з прадстаўнікамі каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы, якой храм таксама належаў пэўны час. Касцёл быў гатовы шукаць спонсараў у тым ліку за мяжой.

Але вышэйшыя праваслаўныя іерархі ў сталіцы цвёрда супраціўляліся, бо яны не хацелі, каб у цэнтры горада паўстаў яшчэ адзін каталіцкі касцёл. Па сутнасці менавіта з іх боку не было згоды на адраджэнне касцёла, таму гэтае пытанне было адкладзена», — згадвае Мілінкевіч.

Помнік на месцы Фары Вітаўта

Самому палітыку падабаецца праект рэканструкцыі Фары Вітаўта, які распрацаў гарадзенскі гісторык архітэктуры Мечыслаў Супрон.

«У першыя часы прыкладна так храм і выглядаў. Бо тое, якім ён быў перад зносам, — гэта далёка ад таго, якім ён мусіў быць першапачаткова. Проста ў аўтараў праекта рэстаўрацыі ў даваенныя гады не хапала гістарычных дакументаў».

Праект гісторыка Мечыслава Супрона

Нягледзячы на агульнае пазітыўнае ўспрыманне генплана развіцця Гародні, Мілінкевіч з сумневам ставіцца да тэрмінаў рэалізацыі праекта.

«У цяперашніх умовах усё гэта цяжка рэалізаваць, бо эканамічная сітуацыя вельмі складаная і бліжэйшым часам яна будзе пагаршацца. Таму сёння я нават не думаю пра тое, ці ёсць нейкае фінансавае абгрунтаванне гэтага праекта. Але, тым не менш, канцэптуальна гэта вельмі важна, што з’явіўся такі перспектыўны дакумент», — адзначае Аляксандр Мілінкевіч.

Што не так з ідэяй падземнага паркінга ў цэнтры?

Ён упэўнены ў тым, што самае галоўнае, што можа зрабіць любая ўлада для спадчыны, — гэта не бурыць тое, што захавалася. Так, як зараз адбываецца трагедыя з унікальным гарадзенскім кварталам Новы Свет. Палітык лічыць, што калі сродкаў на рэстаўрацыю няма, то трэба рабіць усе, каб закансерваваць будынкі.

«У 90-я асабліва не было грошай, каб нешта аднаўляць, таму тады для нас было галоўным прынамсі захаваць тое, што засталося. Напрыклад, Гародня стала першым горадам Беларусі, дзе вернікам былі вернутыя ўсе храмы, дзякуючы гэтаму ў добрым стане захавалася лютэранская кірха, комплекс Бернардзінскага кляштара, сінагога. Так мы атрымалі помнікі архітэктуры, а вернікі — храмы».

Што Аляксандр Мілінкевіч не прымае, дык гэта пабудову падземных паркінгаў у цэнтральнай частцы горада.

«Трэба паехаць хаця б у Вільню і Львоў, каб пераканацца, што гэта ні ў якім разе не робіцца, нельга чарговы раз разбураць культурныя слаі, недаследаваныя археолагамі.

Да таго ж сівыя легенды распавядаюць пра тое, што пад Гародняй у яе старажытных падвалах існуе сапраўдны другі, таямнічы падземны горад, які яшчэ амаль не даследаваны. Гэта наша будучае багацце», — кажа палітык і краязнаўца.

Гісторык: Большасць з запланаваных змен так і застануцца на паперы

Гарадзенскі гісторык (ён пажадаў застацца ананімным) кажа, што для горада было б добра, калі б такі генплан з’явіўся гадоў на 20 раней.

Ён лічыць, што большасць з запланаваных змен так і застануцца на паперы: у дзяржавы цяпер проста няма грошай, каб усё гэта ажыццявіць.

«У дакуменце шмат грандыёзных планаў, якія рэальна было б ажыццявіць у часы панавання «беларускага эканамічнага цуду» канца нулявых. Тады чыноўнікі не ведалі, куды ўбухаць грошы. У той перыяд у іх былі на рэстаўрацыю сродкі, а цяпер, калі Беларусь пад санкцыямі, калі з краіны сыходзіць бізнэс і інвестары, зрабіць гэта проста нерэальна», — упэўнены суразмоўца.

Іншае пытанне, якое ўзнікае падчас абмеркавання плана, — гэта якасць выканання рэстаўрацыйных работ.

«Калі за рэстаўрацыю бярэцца нейкі жылбуд, якія яшчэ ўчора ўзводзіў 9-павярховыя панэлькі, а сёння бярэцца за аднаўленне помнікаў архітэктуры, то ў выніку горад атрымае нізкаякасныя пабудовы з газасіліканых блокаў. На жаль, у нас цяпер амаль няма такіх кампаній, якія на прафесійнай аснове займаюцца рэстаўрацыяй і вывучэннем помнікаў».

«Спачатку трэба правесці грунтоўныя раскопкі»

Выклікаюць пытанні ў эксперта і тэрміны рэалізацыі праекта. Напрыклад, згодна з планам, да 2025 года ў Гародні мусяць аднавіць гарадскую ратушу пад гандлёва-забаўляльны аб’ект, адрэстаўраваць палац Чацвярцінскіх, пераўтварыўшы яго ў культурна-забаўляльны цэнтр, адрэстаўраваць комплекс былога бровара. Апроч гэтага запланавана адбудова шэрагу іншых аб’ектаў.

«Перад такімі работамі трэба праводзіць грунтоўныя раскопкі. Калі, напрыклад, мы разглядаем гарадскую ратушу, якую плануюць аднавіць і ўвесці ў эксплуатацыю праз менш, чым два з паловай года, то трэба разумець, што яна займала вялікую плошчу. Гэта пяціметровы культурны слой. Такія аб’ёмы трэба вывучаць гадамі, пісаць артыкулы, даследаванні, праводзіць канферэнцыі. І толькі потым на падставе ўсяго рабіць праектную дакументацыю і прывязку да месца, як гэта ўсё павінна выглядаць».

Суразмоўца лічыць, што калі і аднаўляць ратушу, то трэба гэта рабіць па яе ўзоры на канец 19 стагоддзя. На гэты перыяд ёсць найбольш фотаздымкаў і праектаў з архіва.

Адно з галоўных патрабаванняў пры адбудове — матэрыялы мусяць быць максімальна блізкімі да арыгіналу.

«Такі прыклад мы можам назіраць з менскай ратушай і менскім касцёлам Святога духу. Іх аднаўленне было выканана на больш-менш высокім узроўні. У Гародні, на жаль, такіх прыкладаў няма, «эталонам» можна назваць Стары замак, дзе палова сцен зроблена з сілікатных блокаў».

Адзін з першых прыкладаў у горадзе, калі з нуля адбудоўвалася архітэктура, страчаная некалькі дзясяткаў гадоў таму, — аднаўленне квартала па вуліцы Замкавай.

Адноўленая забудова на вул. Замкавая, лета 2022

«Гэта хутчэй «сярэдні» прыклад, бо гэта дакладна лепш, чым было. Але ўсё адно ёсць пытанні да выканання прац, бо гэта абсалютна новыя архітэктурныя аб’ёмы, якія пабудаваны з сучасных матэрыялаў і выкананыя не вельмі дакладна, хоць з большага яны сапраўды адпавядаюць арыгіналу».

Сквер на месцы адноўленых будынкаў. Восень 2018 года.

Што тычыцца такіх значных аб’ектаў, як Фара Вітаўта, то гісторык лічыць ідэю аднаўлення храма ў выглядзе канцэртнай залы правільнай. На ягоную думку, гэта сапраўдны кансэнсус, калі адноўлены помнік архітэктуры не будзе належаць рэлігійным канфесіям. Больш лагічным ён бачыць адбудову храма ў яго першасным варыянце, як ён выглядаў у часы Стэфана Баторыя.

«Па шчырасці, на Фару ўсе ж больш прэтэндуюць каталікі, але, наколькі я ведаю, нават сам касцёл не пагадзіцца на такі варыянт, бо на гэта мусяць быць выдаткаваныя велізарныя сродкі, якіх ён не мае. Дый у Гародні ўжо хапае месцаў для богаслужэнняў.

Прыклады ўжо ёсць нават у суседняй Польшчы, калі ў Гданьску касцёл аднавілі ў выглядзе канцэртнай залы».

«Мурашнікам» каля гістарычнага цэнтра не месца»

Эксперт адзначае, што апроч самога гістарычнага цэнтра мусіць быць вылучана зона, у якой будуць дзейнічаць пэўныя абмежаванні, каб знешні выгляд гэтых раёнаў не псаваў панараму цэнтра.

«Па гэтых пытаннях у нас назіраецца вельмі недальнабачная палітыка, калі вакол гістарычнага цэнтра будуюць брыдкія шматпавярховікі. Такія «мурашнікі» ўжо даўно не будуюць у цывілізаваных краінах. Тым больш, што ў Беларусі не такая дарагая зямля, праз гэта ў нас маглі б будаваць пяціпавярховыя дамы, замест 20-павярховых. Але тут трэба разумець, што ў нас няма гаворкі, што трэба зрабіць нешта лепей для будучых пакаленняў. Усё робіцца, каб атрымаць больш грошай і вырашыць пытанне з жыллём».

Тым не менш, нягледзячы на шэраг пытанняў, гісторык станоўча ставіцца да самога дакумента.

«Гэты канцэпт дае разуменне, што ў гістарычным цэнтры варта будаваць не новую архітэктура, а менавіта аднаўляць страчанае. У такім выпадку ён заставаўся б больш прывабным і больш еўрапейскім», — мяркуе гісторык.

Nashaniva.com