Вольга Карач распачала крыжовы паход — на «Нашу Ніву» і Антона Матольку
Палітык Вольга Карач напісала заявы ў паліцыю на блогера, «Нашу Ніву» і нават на свайго былога паплечніка.
12.08.2022 / 15:28
Фота: скрыншот з відэа Вольгі Карач
Адна з заяў — на «Нашу Ніву». Нагодай стала публікацыя аўдыязапісаў размоў былога сілавіка Ігара Макара і экс-амапаўца Паўла Кулажанкі, якія сам Макар вырашыў перадаць для публікацыі. У тым запісе абмяркоўваўся план шантажу сузаснавальніка фонду «Байсол» Андрэя Стрыжака. Макар лічыць, што да гэтага плана мае дачыненне і Вольга Карач. Сама яна тады каментаваць аўдыязапісы «Нашай Ніве» не стала.
На Макара, дарэчы, Карач таксама напісала заяву за той зліў, хоць раней яны былі паплечнікамі. Палітык палічыла, што гэтая інфармацыя — паклёп на яе.
(Пазней Ігар Макар замовіў фанаскапічную экспертызу. Калі верыць заключэнню, яна пацвярджае прыналежнасць галасоў на аўдыё Макару і Кулажанку, а таксама выключае адмысловы мантаж, які мог бы сказіць сэнс сказанага. Вынікі выкладзеныя ў адкрыты доступ).
Таксама Карач падала заяву ў літоўскую паліцыю на блогера Антона Матольку. За што, невядома. Але гісторыя канфлікту ў іх даўняя — блогер іранічна рэагаваў у сацсетках на абвінавачванні Карач у тым, што ён «агент». І звяртаў увагу на тое, што Карач часта хэйціць ініцыятывы дэмсіл, уносячы раскол.
Як Карач расказала ў сябе на канале, паліцыя спачатку не хацела прымаць гэтыя заявы, але настаяла пракуратура.