Экс-прэзідэнт Эстоніі: Беларусы — еўрапейцы, гэта не рускія
Экс-прэзідэнт Эстоніі Томас-Хендрык Ільвес адрэагаваў у сябе ў твітары на пост былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, у якім той даваў спасылку на звесткі, колькі беларусаў атрымала за 2021 год дазвол на жыхарства ў Еўропе. Паводле Ільвеса, беларусы да расіян зусім не падобныя, і адрозніваюцца ў лепшы бок.
11.08.2022 / 21:32
Ільвес напісаў:
«Але вы ніколі не пабачыце, каб беларусы былі грубымі, невыноснымі, каб яны ўціскалі іншых, праводзілі мітынгі ў падтрымку дыктатара ў сябе дома, енчылі пра сваё «права» быць у Еўропе. Яны еўрапейцы».
У каментарах фрэнды Ільвеса збольшага пагаджаліся з былым эстонскім лідарам:
«Беларусы сцякалі крывёй у Мінску, спрабуючы зрынуць свайго дыктатара, пакуль расіяне абдымаюць свайго».
«Я памятаю адчуванні, калі пачынаў вандраваць на ўсход. Быў ашаломлены культурнай адрознасцю Беларусі і Расіі. Цывілізацыйны раскол. Так, Беларусь — гэта Еўропа».
«Я працаваў і сустракаўся як з рускімі, так і з беларусамі. Гэта розніца як ноч і дзень. Не падтрымліваў бы для іх візавую забарону».
«Дакладна. Беларусы моцна адрозніваліся ад расіян».
«Беларусы — гэта мужныя і цывілізаваныя людзі, якія выйшлі на вуліцы і рызыкавалі жыццём, каб скончыць з рэжымам нягодніка, які трымае іх у закладніках. Яны перамогуць раней ці пазней, і любая дапамога, пра якую яны просяць, павінна быць аказаная».
Былі, аднак, і процілеглыя ацэнкі, у асноўным з боку фрэндаў-украінцаў:
«Так, правільна, скажыце гэта 13 тысячам беларускіх салдат, якія далучыліся да рашысцкай арміі. Беларусь = Расія».
«Так. Але яны таксама адмаўляюцца плаціць цану за свабоду, чакаючы, калі Украіна пераможа для іх. І наколькі я разумею, гэта тое самае, што і ахвяры хатняга гвалту, яны не ў стане ўзняцца ў дадзены момант, і я не магу не адчуваць, што яны дапускаюць напад на Украіну».