«Вывучыла беларускую, каб толькі ўразіць свайго беларуса». Украінка дае парады, як за 2 месяцы загаварыць па-беларуску

Праз каханне да беларускага хлопца ўкраінская дзяўчына Яварынка дасканала вывучыла беларускую мову. З красавіка 2022 года яе каханы зняволены ў Беларусі, ён — палітвязень. Калі пачалася вайна, Яварынка некалькі месяцаў прасядзела ў падвале ў франтавым горадзе на поўдні Украіны, хаваючыся ад выбухаў і расійскіх акупантаў. «Радыё Свабода» пагаварыла з дзяўчынай пра яе шлях да беларускай мовы, пра стаўленне да беларусаў ва Украіне і папрасіла падзяліцца досведам пераходу на беларускую мову.

11.08.2022 / 17:22

Яварынка прасіла не называць яе сапраўднага імя, бо непакоіцца, што публікацыя ў «экстрэмісцкім» СМІ можа пашкодзіць яе хлопцу, імя якога яна таксама папрасіла не агучваць. Рэдакцыі імёны вядомыя.

«Колькі можна чуць гэтую мову і не ведаць яе?»

— Чаму вырашылі вывучыць беларускую мову?

— Не магу сказаць, чаму, як і калі я зацікавілася беларушчынаю і пачала вучыць беларускую мову. У мяне не было цікавасьці, асаблівай мэты, патрэбы, натхняльнікаў ці яскравай падзеі, якая паўплывала б на мяне. Я нават не маю сваякоў у Беларусі ці беларускіх каранёў, толькі малдаўскія. Таму гэта было больш несур’ёзнае зацікаўленьне, чым свядомае рашэнне.

Увогуле, я сустракалася з беларускай мовай некалькі разоў у жыцьці. Упершыню, калі мне было гадоў 7-8, мы з маці знайшлі ў тэлевізары беларускі канал (відаць «Белсат», які тады толькі з'явіўся), і я проста глядзела ўсё запар і смяялася з мовы. Потым у 14 гадоў трэба было чытаць Жуля Верна, я знайшла кніжку на беларускай і прачытала яе, заўважыўшы, што амаль усё зразумела.

У 2019 годзе натрапіла на допіс у Фэйсбуку, дзе апавядалі аб пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй. Тады я даведалася, што ў Беларусі ўсё не так добра, як здавалася. На той час усе ўкраінцы казалі, што беларусы жывуць шыкоўна і лепш, чым мы.

За падзеямі ў 2020 годзе назіралі ўсе ўкраінцы, і я таксама. Хтосьці перажываў за беларусаў, хтосьці абураўся, чаго ім не сядзіцца на месцы. Я ж была з першых, хто намагаўся дапамагчы беларусам. Урэшце я вырашыла, што так далей працягвацца не можа. Колькі можна чуць гэтую мову і не ведаць яе?

Я знайшла беларусаў, якія далі мне спасылкі на беларускамоўныя рэсурсы. У 2021 годзе ў адным з чатаў я закахалася ў беларускамоўнага беларуса і, вывучыўшы мову, вырашыла давесці яму, што я — найлепшая. Але ў выніку, калі пачаліся стасункі, калі я з ім размаўляла, не магла моцна кантраляваць сваё маўленне і размаўляла па-ўкраінску. Таму ён проста вучыў мяне размаўляць на беларускай. Я запісалася на дыстанцыйныя курсы, цяпер забароненыя ў Беларусі. Намагалася вучыць беларускую мову з розных крыніц, каб толькі ўразіць свайго беларуса.

Што праўда, уразіць яго не ўдалося, бо ён ведае беларускую мову лепш за выкладчыкаў на курсах. Затое ўдалося ўразіць усіх іншых і загаварыць на беларускай за два месяцы.

Цяпер мы ў стасунках больш за паўтара года, але ён з красавіка 2022 года за кратамі ў Беларусі. Ён — палітвязень. А я далей працую для беларушчыны, бо ведаю, што для яго гэта важна.

«Найцяжэй было паставіць сабе беларускае вымаўленне. На гэта пайшло больш за пяць месяцаў»

— Наколькі проста ці складана было вывучыць беларускую?

— Спачатку было вельмі проста, бо я разумела 90% словаў, толькі пра некаторыя пыталася ці глядзела ў слоўніках. Таксама я проста капіявала свайго хлопца, і атрымлівалася, што стыль нашай гаворкі быў цалкам аднолькавы. Калі перапісваліся ў агульных чатах, здавалася, быццам адзін чалавек піша з двух акаўнтаў. І гэта было дзіўна.

Праблемы пачаліся, калі я пайшла на курсы і даведалася пра наркамаўку. Адбылася жудасная блытаніна, а гэтага мне зусім не хацелася. Я хадзіла на курсы 5-6 разоў на тыдзень, а наркамаўка была амаль паўсюдна. Я пачала выкарыстоўваць два правапісы адразу, але з часам мне амаль удалося іх размежаваць. Таксама трохі цяжка было вучыць правілы, але я пастаянна перапытваю, калі нешта не зразумела. Гэта дапамагае.

Найцяжэй было паставіць сабе беларускае вымаўленне. На гэта пайшло больш за пяць месяцаў. Я слухала, як размаўляюць іншыя, трэнавалася з маім беларусам, чытала ў падручніках пра літаратурнае вымаўленне і ўрэшце змагла зрабіць яго цалкам беларускім. Дарэчы, з тарашкевіцай нашмат лягчэй навучыцца правільна вымаўляць.

Часта я не ведаю пэўных словаў па-беларуску, тады адразу пытаюся пра гэта ці гляджу ў слоўнікі. Цяпер ужо я магу вольна размаўляць на беларускай і момантамі пераключацца між мовамі. Часам, калі на кагосьці крычу, магу перайсці на беларускую.

Было некалькі цікавых сітуацый з прычыны вымаўлення. На курсах неяк была тэма падарожжаў. Нас запытвалі, куды мы б хацелі паехаць. Я адказала, што ў Беларусь, а выкладчыца вельмі спачувальна прамовіла, што я хутка змагу вярнуцца дадому.

Часам, калі размаўляю па-беларуску, магу паралельна нешта адказаць сёстрам па-ўкраінску. І заўжды ў мяне пытаюцца, дзе я так добра вывучыла ўкраінскую. Калі пачалася вайна, мяне пыталі, як мяне занесла ва Ўкраіну ці чаму я з'ехала з Беларусі. Даводзіцца кожны раз тлумачыць, што я ўкраінка. Але мая беларуская ўсё яшчэ недасканалая, я працягваю вучыць яе і даведвацца нешта новае.

«Пастарайцеся замяніць большую частку расійскага кантэнту беларускім. Гэта пашырае слоўнікавы запас і натхняе адначасова»

— Якія парады вы б далі беларусам, якія не наважваюцца перайсьці з рускай на беларускую?

— Я адна з тых, хто пераходзіў з рускай на ўкраінскую мову, таму пэўныя парады даць магу.

Магчыма, я кажу відавочныя рэчы, але гэта тое, што дапамагло асабіста мне і іншым маім знаёмым, якія пераходзяць на ўкраінскую ці беларускую.

«Калі б расейцы пачалі рабіць тое, што і беларусы, то ў нас проста не было б вайны»

— Як вы ставіцеся да таго, што Лукашэнка зрабіў Беларусь краінай — саўдзельнікам агрэсіі? Ці ёсьць тут віна беларусаў і якая?

— Гэта было вельмі балюча і проста жахліва. Я не чакала, што ён пойдзе на нас вайною. Я не магу шмат пра гэта размаўляць, бо стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна. Больш нічога цэнзурнага сказаць на гэты конт не магу.

Што да віны беларусаў. Я лічу, што Беларусь — акупаваная тэрыторыя, а народ у акупаванай краіне мала што можа зрабіць, каб абараніцца. Я лічу, што віны беларусаў няма. Можна сказаць, што яны самі зрабілі свой выбар у 1994 і ўсё такое, але ж тады і ўкраінцы абралі сабе прарасейскага прэзыдэнта, чаму былі вельмі радыя. Таму вінаваціць беларусаў ня бачу сэнсу.

Бачу сэнс абʼядноўвацца і дапамагаць адзін аднаму, бо вораг у нас агульны. Тым больш беларусы, адрозна ад рэальных ворагаў, робяць усё магчымае, каб спыніць гэтую вайну, проста пра гэта чамусьці ня прынята гаварыць. Беларусы не абавязаныя спыняць ракеты голымі рукамі, яны не абавязаныя рызыкаваць сваім жыцьцём. Яны робяць усё, што ў іхных сілах.

Калі б расейцы пачалі рабіць тое, што і беларусы, то ў нас бы проста не было вайны. Часам, калі на нас ляцяць ракеты, я магу пакрычаць: «Беларусы, гэта вы вінаватыя, вы такія дрэнныя». Але гэта бывае, калі ў мяне паніка. А так я буду падтрымліваць беларусаў і надалей.

— Як у вашым асяродзьдзі ставяцца да беларусаў у сувязі з вайною?

— Некаторыя адмоўна, але большасьць разумеюць, што і да чаго. Калі я кажу, што мой хлопец беларус, некаторыя кажуць, што варта іншага шукаць. Большасьць бачыць адрозьненьні беларусаў ад расейцаў, іншыя абвінавачваюць беларусаў ува ўсіх магчымых праблемах. Хтосьці перастаў са мною размаўляць, калі зразумеў, што я буду падтрымліваць беларусаў. Калі шчыра, нават не заўважаю іхнай адсутнасьці.

Я б сказала, што я разумею людзей, у іх траўмы праз вайну, але насамрэч гэта не зусім так. Проста людзі ня ўмеюць ці ня хочуць шукаць інфармацыю, разьбірацца ў праблемах, не жадаюць уяўляць сябе на месцы іншых. Гэта датычыцца як украінцаў, якія абражаюць, так і беларусаў, якія абражаюцца.

Проста я таксама з франтавога гораду, я таксама месяцы сядзела ў падвале, слухала выбухі, у маіх сваякоў таксама вялікія праблемы праз вайну. Таму зьвязаць такое стаўленьне з траўмай ад вайны я не магу. Калі што, я ніводнага разу не зьвінаваціла ўкраінцаў, проста мне вельмі сумна і прыкра ад таго, што адбываецца паміж намі.

«Хачу, каб у сьвеце было менш крыўды, каб людзі цягнуліся да сваёй мовы і каб мы хутчэй перамаглі»

— Чым займаецеся, якая ваша сфэра зацікаўленьняў?

— Я працую ва ўкраінскім абʼяднаньні, часам раблю ўкраінска-беларускія пераклады, рэдагую ўкраінскія кнігі. Працавала ва «Ўкраінскай жаночай варце» (пераклад і распаўсюджаньне навінаў). Таксама пачынаю невялікі праект — тэлеграм-канал зь перакладамі твораў «Беларускі куточак».

Мне падабаецца працаваць зь літаратурай, займацца кветкамі (да вайны ў мяне іх было вельмі шмат, потым давялося ўсё пакінуць), маляваць і размаўляць зь людзьмі. Таксама да вайны я любіла вышываць і ствараць нешта рукамі. Таксама мусіла гэта пакінуць. І навучаньне ва ўнівэрсытэце давялося спыніць на пэўны час.

Спадзяюся на перамогу, трымаюся і паціху намагаюся жыць. Хачу, каб у сьвеце было менш крыўды, каб людзі цягнуліся да сваёй мовы і каб мы хутчэй перамаглі.

Nashaniva.com