«Яны самі прыйдуць да Азарава і Сахашчыка: «Гаварыце, чаго не хапае палку Каліноўскага?» Чаму сілавы варыянт супраціву стаў мэйнстрымам

Чаму некаторыя праціўнікі дыктатуры сталі абмяркоўваць «сілавы варыянт» супраціву, у Фэйсбуку разважае журналіст Віталь Цыганкоў.

11.08.2022 / 12:30

«1. Па-першае, уражвае, як хутка размовы пра яго сталі фактычна мэйнстрымам. Яшчэ паўгода таму любога, хто толькі заікаўся на гэтую тэму, маглі запісаць у правакатары і неадэкваты. Натуральна, што галоўны зрух адбыўся і таму, што «2 гады прайшло, а дзе вынікі», і таму што «мы паспрабавалі па-добраму, па-мірнаму, — не атрымалася. Давайце паспрабуем па-іншаму» і таму, што вайна.

2. Важна паўтарыць тое, што было сказана на канферэнцыі. «Сілавы варыянт» — гэта зусім не абавязкова рэкі крыві і грамадзянская вайна. Гэта для прапаганды. Усё можа абмежавацца толькі дэманстрацыяй сілы і гатоўнасці яе прымяніць.

3. Наконт ахвяраў. Калі б рэжым спыніў свае рэпрэсіі, напрыклад, зімой 2020—21-га, і пачаў бы традыцыйны для сябе варыянт «разгром-адліга», то мала ў каго б узнікалі думкі пра «сілавы варыянт».

А так людзі задаюцца лагічным пытаннем: «Мы ўзорна мірна сябе паводзілі — нас за гэта саджаюць. Які сэнс узорна мірна паводзіць?» І так, гэта ад адчаю, у тым ліку.

4. Калі мудрыя аналітыкі кажуць пра нерэалістычнасць «сілавога варыянта» з міжнароднага гледзішча, то з усім можна пагадзіцца, з адной агаворкай — «на сённяшні дзень». Бо сітуацыя можа памяняцца ў любы момант. Адзін прыклад.

Калі Масква ўсё ж прымусіць Лукашэнку ўвесці войскі ў вайну супраць Украіны — як тады будзе выглядаць рэалістычнасць і прывабнасць «сілавога варыянта» для суседзяў Беларусі? Падазраю, што пры такім развіцці падзей гэта можа стаць для іх галоўным і ці не адзіным варыянтам. Яны самі прыйдуць да Азарава і Сахашчыка і будуць пытацца: «Гаварыце, чаго не хапае палку Каліноўскага?»

Такія чатыры меркаванні выказаў Віталь Цыганкоў.

Хто такі Валерый Сахашчык, які ўзначаліў сілавы блок у кабінеце Ціханоўскай

Класкоўскі: Не магу прыпомніць прыкладаў, калі ўрад у выгнанні з-за мяжы здзейсніў нейкія пераўтварэнні і скінуў рэжым

Дракахруст: Як Пазняк развёў Сахашчыка

Nashaniva.com