Якія працэнты па ўкладах прапануюць беларускія банкі

За II квартал 2022 года ў Беларусі вырасла сярэдняя сума ўкладаў як у нацыянальнай, так і ў замежных валютах. «Наша Ніва» разбіралася, на якія працэнтныя стаўкі могуць разлічваць укладчыкі, а таксама ў якой валюце лепей адкрываць уклад, каб рызыкі былі мінімальныя.

11.08.2022 / 15:49

Пачнем з таго, што банкаўскія ўклады ў незалежнасці ад валюты падзяляюцца на адзыўныя і безадзыўныя. Найбольш выгаднымі з пункту гледжання працэнтнай стаўкі з'яўляюцца безадзыўныя ўклады. Расплата за павялічаны працэнт — больш высокія рызыкі праз немагчымасць забраць грошы раней за вызначаны тэрмін. 

Што па стаўках?

Калі казаць пра адзыўныя ўклады, то можна разлічваць на каля 2% гадавых у валюце. У рублёвых укладах стаўка каля 10%, калі гаворка ідзе пра кароткатэрміновыя праграмы (да 6 месяцаў). 

Куды большыя стаўкі па безадзыўных укладах. Так, напрыклад, у Беларусбанку можна адкрыць кароткатэрміновы безадзыўны ўклад у далярах тэрмінам на тры месяцы пад 5%, ці пад 4,3% у еўра. Калі разглядаць доўгатэрміновыя ўклады (2-3 гады), то стаўкі у далярах узрастаюць да 7%. Тым не менш, з улікам бягучай сітуацыі, эксперты не раяць укладаць зберажэнні ў доўгатэрміновыя праграмы.

Скрыншот: сайт belarusbank.by

Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што цяпер стала больш рызык, чым гэта было ў пачатку года. Але і стаўкі па ўкладах значна вышэйшыя, чым былі ў канцы мінулага — пачатку гэтага года.

«Мы жывем у нестабільны час, таму цяпер сапраўды маюцца павышаныя рызыкі трапіць у сітуацыю, калі банкі ўводзяць абмежаванні на зняцце валюты. Гэта не азначае, што вам не вернуць грошы ці яны зусім кудысьці знікнуць, проста трэба быць гатовымі, што працэс вяртання можа расцягнуцца па часе. З такімі складанасцямі ўкладчыкі ўжо сутыкаліся ў сакавіку гэтага года. Банкі адчулі, што ідзе рэзкі адток валюты, і ўвялі абмежаванні. Тым не менш, у нас дзяржава гарантуе 100% вяртання ўкладаў і гэтыя гарантыі працуюць», — кажа эканаміст.

Што тычыцца выбару паміж адзыўнымі і безадзыўнымі ўкладамі, то Лузгіна раіць прыглядацца да кароткатэрміновых безадзыўных укладаў.

«Лепш за ўсё разглядаць варыянты тэрмінам на 3-4 месяцы. Гэта досыць кароткі перыяд, але ў той жа час працэнтныя стаўкі па безадзыўных укладах у некалькі разоў вышэйшыя, чым у выпадку з адзыўнымі».

З улікам бягучай сітуацыі адкрываць безадзыўныя ўклады на больш працяглыя тэрміны эканаміст не рэкамендуе. І нагадвае, што калі гаворка ідзе пра безадзыўны ўклад, то чалавек павінен разумець, што на працягу пэўнага перыяду яму дакладна не спатрэбяцца гэтыя сродкі.

Найбольш стабільнай выглядае амерыканская валюта

Што да выбару валюты ўкладу, то экспертка раіць па магчымасці дыверсіфікаваць свае зберажэнні.

«Калі ў вас ужо маюцца зберажэнні ў розных валютах, то можна адкрыць некалькі ўкладаў. У той жа час, калі ў вас, напрыклад, маюцца еўра, а вы хочаце памяняць іх на даляры ці наадварот, каб пакласці грошы пад найбольш выгадны працэнт, то рабіць гэтага дакладна не варта. Розніца ў працэнтах ставак паміж гэтымі валютамі адназначна будзе меншай, чым тыя страты, якія вы панесяце, прайшоўшы праз двайное канвертаванне. Калі ж вашы зберажэнні захоўваюцца ў нацыянальнай валюце, то можна мяняць іх на даляр ці еўра.

На дадзеным этапе найбольш стабільна выглядае амерыканская валюта, але выбар паміж валютамі трэба рабіць з разліку таго, што вы потым збіраецеся рабіць з гэтымі зберажэннямі.

Калі вы змяняеце рублі на даляры, а потым плануеце адправіцца на гэтыя грошы ў адпачынак у Еўропу ці, напрыклад, захочаце там купіць аўтамабіль, то лагічней адразу мяняць рублі на еўра»,— лічыць эксперт.

Што рабіць з рублямі?

Нацыянальная валюта хоць і выглядае досыць стабільна, дэвальвацыйныя рызыкі па-ранейшаму застаюцца высокімі.

«Стаўкі на безадзыўныя ўклады ў рублях значна вышэйшыя, чым у валюце, але тут трэба ўлічваць як высокую інфляцыю ўнутры краіны, так і дэвальвацыйныя рызыкі. На бягучы момант рубель трымаецца даволі ўпэўнена, але гэта не значыць, што праз тры месяцы яго курс не зменіцца так, што першапачаткова высокі працэнт па ўкладах страціць сэнс. У той жа час, калі рубель за перыяд дзеяння ўкладу захавае свае пазіцыі, то такое ўкладанне будзе выгадным, але прагназаваць, што па выніку прынясе вам уклад у рублях, — немагчыма», — лічыць Анастасія Лузгіна.

Nashaniva.com